Белорусский портал в Казахстане

Дэлегацыя Вярхоўнай кантрольнай палаты Польшчы абмеркавала з КДК Беларусі захаванне Белавежскай пушчы



Аб гэтым паведамілі ў КДК.

У рамках дзейнасці рабочай групы па экалагічным аўдыце Еўрапейскай арганізацыі вышэйшых кантрольных органаў адбыўся візіт у Камітэт дзяржкантролю Беларусі дэлегацыі Вярхоўнай кантрольнай палаты Рэспублікі Польшча на чале з дырэктарам рэгіянальнага аддзялення палаты ў Беластоку Янушам Павельчыкам. 

Вярхоўная кантрольная палата Польшчы ўзначальвае гэту рабочую групу Еўрапейскай арганізацыі вышэйшых кантрольных органаў, а Камітэт дзяржаўнага кантролю з`яўляецца членам гэтай групы.

Дамоўленасць аб візіце ў КДК была дасягнута на апошнім пасяджэнні рабочай групы Еўрапейскай арганізацыі вышэйшых кантрольных органаў, каб абмеркаваць правядзенне міжнароднага каардынаванага аўдыту абароны і аховы ўнікальных раўнінных лясоў у Белавежскай пушчы.

"Белавежская пушча з`яўляецца аб`ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, яна захавалася ў адносна некранутым стане ў выглядзе буйнога масіву толькі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, - адзначылі ў КДК. - Улічваючы важнасць гэтай тэматыкі, сёння на сустрэчы прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю і Вярхоўнай кантрольнай палаты абмеркавалі ўклад вышэйшых органаў аўдыту ў пытанні забеспячэння экалагічнай бяспекі і аховы ляснога фонду, стварэння сумеснай платформы для вырашэння агульных праблем у гэтай галіне".

Таксама сёння абмеркаваны і іншыя пытанні супрацоўніцтва двух кантрольных ведамстваў у рамках Еўрапейскай арганізацыі вышэйшых кантрольных органаў, у тым ліку на рэгіянальным узроўні.

17 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/23/62329
Текущая дата: 01.11.2024