Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
Беларусь увяла меры ў адказ на недружалюбныя дзеянні Літвы па закрыцці двух пунктаў пропуску. «Гаворка ідзе пра дзве пастановы ўрада, якія ўводзяць забароны. Першая з іх датычыцца прадукцыі з Літвы, гэта ў асноўным харчовая група. У год мы імпартавалі яе на невялікую суму — каля $5-6 млн. Упэўнены, што забарона ніяк не паўплывае на нашу эканоміку, на спажывецкі рынак. А тыя, хто не можа абысціся без літоўскай шакаладкі, не пацерпяць. На фізічных асоб і тавары для асабістага карыстання дзеянне абедзвюх пастаноў не распаўсюджваюцца», — звярнуў увагу Раман Галоўчанка.
Другая пастанова ўводзіць абмежаванні на пастаўкі прамысловых партый тавараў. «Усяго іх было ўвезена ў Беларусь летась на суму каля $150 млн у аб’ёме каля 60 тыс. т. Але гэта не значыць, што гэтыя грузы не трапяць да нас. Яны проста пойдуць па іншым лагістычным маршруце — праз Латвію, Польшчу. Забарона распаўсюджваецца на іх увоз толькі праз беларуска-літоўскі ўчастак граніцы», — адзначыў прэм’ер-міністр.
«Рашэнне аб мерах у адказ абсалютна выверанае, пралічанае, яно рыхтавалася групамі экспертаў. Ні людзі, ні рынак гэтага не адчуюць», — падкрэсліў кіраўнік урада.
Як паведамлялася, урад дапоўніў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адпаведныя змяненні ўнесены ў пастанову Саўміна ад 6 снежня 2021 года нумар 700. У прыватнасці, у названы пералік уключаны асобныя тавары, якія паходзяць з Літвы: малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы, асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і маразільнікі.
Урад Беларусі таксама ўвёў забарону на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржаўнай мяжы. Забаронены да ўвозу для рэалізацыі і спажывання на тэрыторыі Беларусі наступныя тавары: воды, піва, віны, сусла вінаграднае, вермуты, іншыя зброджаныя напоі, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні, а таксама былыя ва ўжыванні часткі і прыналежнасці транспартных сродкаў.
Звязда, 15 сакавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/4/73094
Текущая дата: 18.11.2024