Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства ўнутраных спраў зафіксавала ў Беларусі больш за тры тысячы "актыўных прыхільнікаў нацызму і неанацызму"



Аб гэтым заявіў 6 снежня на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.

Ён падкрэсліў, што пры гэтым трэба ўлічваць "пэўную латэнтнасць", але "задакументавана" была менавіта такая колькасць чалавек. "Для Беларусі гэта вельмі шмат", — дадаў Шуневіч.

Паводле яго слоў, прыхільнікамі неанацызму ў пераважнай большасці з`яўляюцца людзі да 40 гадоў, "маргінальнага складу, нежанатыя, бяздзетныя, непрацаўладкаваныя, часам злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі". "Як правіла, яны вылучаюцца павышанай агрэсіўнасцю і жорсткасцю", — сказаў міністр унутраных спраў.

Многія з гэтых людзей зведалі адміністрацыйную і крымінальную адказнасць, частка з іх цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, паведаміў ён. "Многія з іх — гэта былыя ці дзейныя фанаты футбольных клубаў, так званыя скінхэды. Яны прытрымліваюцца ідэалогіі нацысцкай Германіі, выступаюць за перавагу белай нацыі і расы. Асабліва яны пакланяюцца часцям вермахта, якія былі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адрозніваліся асаблівай жорсткасцю. Яны колюць сабе масці гэтых часцей і гэтак далей", — расказаў Шуневіч.

Ён лічыць Еўропу "крыніцай нацызму і неанацызму, паколькі скажэнне вынікаў Вялікай Айчыннай вайны ідзе менавіта адтуль". "Натуральна, што з улікам таго, што адбываецца за межамі краіны, у нашым найбліжэйшым акружэнні, мы можам казаць пра тое, што гэта цалкам рэальная пагроза грамадскай бяспецы, маральнасці нашай дзяржавы", — дадаў Шуневіч. 

На ўдакладняючае пытанне, ці няма неабходнасці забараніць па прыкладзе шэрагу краін і камуністычную ідэалогію, ён адказаў: "Я так не лічу".

БелаПАН
Мінск, 6 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/50/45880
Текущая дата: 02.11.2024