Белорусский портал в Казахстане

Дзяржкарпарацыя "Расатам" пацвярджае планы па ўводзе ў эксплуатацыю першага блока БелАЭС да канца 2019 года



Пра гэта ішла гаворка 15 верасня ў Мінску на сустрэчы прэм`ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з генеральным дырэктарам "Расатама" Аляксеем Ліхачовым.

Як адзначыў Румас, Беларуская АЭС — вельмі значны для краіны аб`ект. "Гэта не толькі найбуйнейшы інфраструктурны праект за ўсю гісторыю Беларусі, але і найбуйнейшы інвестыцыйны праект. Ён знаходзіцца на непасрэдным кантролі кіраўніка дзяржавы", — прыводзіць словы прэм`ера прэс-служба ўрада.

У сваю чаргу Ліхачоў паведаміў, што зараз рэалізуецца тэхналагічны канвеер. "У нас сёння, калі так можна выказацца, старэйшы брат беларускай станцыі — гэта першы блок другой чаргі Ленінградскай АЭС. Ён прайшоў прамысловыя выпрабаванні, працуе на поўную магутнасць, ідзе афармленне яго ўжо ў прамысловую эксплуатацыю. З улікам атрыманага вопыту мы ў Беларусі рыхтуемся да такой жа працэдуры на наступны год, зыходзім з таго, што гэта павінна адбыцца да канца наступнага года", — сказаў Ліхачоў.

Паводле яго слоў, пры будаўніцтве беларускай станцыі "Расатам" усталёўвае цэлы шэраг сусветных рэкордаў з пункта гледжання тэрмінаў, якасці, уцягнутасці беларускіх падрадчыкаў у гэтую працу. "Станцыя з`яўляецца флагманскім праектам, № 1 з пункта гледжання ўвагі, якая надаецца кіраўніцтвам дзяржкарпарацыі, кіраўніцтвам краіны гэтаму аб`екту", — падкрэсліў гендырэктар.

Ліхачоў падзякаваў беларускі бок за ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях — станцыйнай пляцоўкі, міністэрстваў энергетыкі, архітэктуры і будаўніцтва, па надзвычайных сітуацыях. "Вельмі спадзяемся, што абноўленая каманда ўрада гэтую пераемнасць захавае", — дадаў ён.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта АЭС-2006 новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 15 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/51/44961
Текущая дата: 02.11.2024