Белорусский портал в Казахстане

У NATO патлумачылі, чаму Ўкраіну не бяруць у альянс



Намесьнік генэральнага сакратара Паўночнаатлянтычнага альянсу Роўз Гетэмюлер настойвае, што Ўкраіна адрозьніваецца ад іншых краін, якія імкнуцца да сяброўства ў NATO.

У сваім выступе на Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы, Гетэмюлер нагадала, што сёлета спаўняецца 10 гадоў ад саміту ў Бухарэсьце, дзе Кіеў атрымаў адмову ў атрыманьні Пляну дзеяньняў адносна ўдзелу.

Але разам з тым Альянс прыняў рашэньне, што Украіна калі-небудзь будзе прынятая ў NATO.

З тых часоў, адзначыла намесьнік генэральнага сакратара, засталіся 4 краіны, якія зацікаўленыя ў сяброўстве ў NATO — Босьнія і Герцагавіна, Македонія, Украіна і Грузія. Яшчэ адна дзяржава, Чарнагорыя, за гэты час была прынятая ў альянс.

«Усе гэтыя чатыры краіны маюць цікавасьць датычна NATO, але Украіна — адзіная, якая не заявіла пра гэта як пра частку нацыянальнай палітыкі, што яна імкнецца да атрыманьня Пляну дзеяньняў адносна ўдзелу, а менавіта гэта — шлях да сяброўства ў NATO», — заявіла Роўз Гетэмюлер.

NATO з мінулага году часта адмаўляецца прызнаваць, што Ўкраіна дэкляруе эўраатлянтычныя імкненьні, і не ўключае Ўкраіну ў сьпіс «краін-асьпірантаў». Заява Гетэмюлер стала першай спробай чыноўнікаў NATO абгрунтаваць гэтую палітыку.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас сустрэчы ў Мюнхене з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбергам выказаў зацікаўленасьць у прыцягненьні большай дапамогі NATO для рэфармаваньня абароннага сэктару.

Радыё Свабода, 17 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/55/42587
Текущая дата: 27.12.2024