Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі і Расіі ёсць добрыя перспектывы для далейшага развіцця гандлёва-эканамічных адносін



Аб гэтым заявіў 2-га лютага ў Алматы прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

"Паводле вынікаў 2017 года абедзве краіны паказалі добрую дынаміку, патэнцыял такі, што мы можам дадаць яшчэ больш", — цытуе прэм`ер-міністра прэс-служба беларускага Саўміна.

"Пасля нашай сустрэчы ў Гомелі ў снежні мінулага года прайшло не так шмат часу, тым не менш аформіўся цэлы шэраг момантаў, якія, думаю, нам ёсць сэнс абмеркаваць, надаць імпульс вырашэнню пэўных пытанняў", — сказаў Кабякоў.

Мядзведзеў выказаў гатоўнасць абмяркоўваць існыя пытанні: "Давайце абмяркуем". Далейшыя перамовы прайшлі без удзелу прэсы.

Кабякоў 1—2 лютага здзяйсняе рабочы візіт у Алматы (Казахстан), дзе бярэ ўдзел у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

Узаемны тавараабарот з Расіяй, згодна са звесткамі Белстата, за 2017 год склаў 32 млрд 424,6 млн долараў, павелічэнне да ўзроўню 2016 года — 23,5%, у тым ліку экспарт — 12 млрд 830,3 млн (+17,2%), імпарт — 19 млрд 483,6 млн (+26,4%). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй склала 6 млрд 764 млн долараў (у 2016 годзе адмоўнае сальда складала 4 млрд 358,8 млн).

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/56/42393
Текущая дата: 27.12.2024