Белорусский портал в Казахстане

Брэсцкія ўлады маюць намер вярнуць Радзівілаўскую Біблію ў горад



Пра гэта паведаміў старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук 15-га снежня на адкрыцці памятнага знака Брэсцкай Бібліі.

Гарадскія ўлады працуюць над вяртаннем Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі на радзіму.

"Мы не ўтойваем, што вядзём работу, каб вярнуць у Брэст поўнае выданне Брэсцкай Бібліі. У свеце цяпер налічваецца каля 70 экзэмпляраў у той ці іншай ступені захаванасці. Вядзём перагаворы з прыватнымі калекцыянерамі, каб грамадскі фонд, створаны да тысячагоддзя горада, выступіў заказчыкам або спонсарам гэтай унікальнай падзеі. Спадзяюся, у нас атрымаецца вярнуць Біблію ў аўтэнтычным стане. Робім для гэтага ўсё магчымае", - сказаў Аляксандр Рагачук.

Паводле слоў мэра, выданне Бібліі ў 1563 годзе - адна са значных дат у гісторыі Брэста. Памятны знак у яе гонар устаноўлены ў цэнтральнай частцы горада, на скрыжаванні вуліц Пушкінскай і Кірава. Яго вышыня - 1,8 м. Масіўная бронзавая аснова нагадвае разгорнутую кнігу, на адной старонцы якой можна ўбачыць адбітак "Брэсцкая Біблія. 1563", на другой - гравюру.

Камень для пастамента спецыяльна прывезены з Карэліі. На выраб помніка накіравана Br80 тыс. Большую частку сродкаў выдзеліў бюджэт, больш за Br20 тыс. склаў уклад мецэнатаў.

"Зрабіць такі значны праект - вялікая радасць. Гэта мая першая манументальная работа. Памятны знак Брэсцкай Бібліі з`яўляецца сімвалам сілы чалавечай думкі, цягі да ведаў, асветы. Яе выданне - пераломны момант у гісторыі не толькі Брэста, а ўсёй краіны", - лічыць аўтар праекта скульптар Антон Нічыпарук.

Новы архітэктурны аб`ект мае таксама прыкладны характар: ён лакальна раздае Wi-Fi. Уладальнікі гаджэтаў паблізу помніка могуць выбраць падключэнне з назвай Brestbibel, а затым перайсці ў браўзер, дзе размешчана інфармацыя пра Брэсцкую Біблію на рускай, беларускай, украінскай, польскай, англійскай і кітайскай мовах.

Чытачам прапануецца азнаёміцца з гістарычнымі фактамі аб кнізе, паглядзець фатаграфіі, яе розныя выданні. У далейшым рэсурс плануецца напоўніць звесткамі і аб іншых турыстычных аб`ектах абласнога цэнтра.

"Сённяшняя падзея значная па многіх складніках. Але самае важнае - яна павінна падштурхнуць да вывучэння нашай гісторыі. У Брэсце налічваецца 111 помнікаў і памятных знакаў. На мой погляд, іх недастаткова, таму што тысячагадовая гісторыя горада ўмясціла ў сябе нямала яркіх падзей", - рэзюмаваў старшыня гарвыканкама.

15 снежня 2017, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/57/41632
Текущая дата: 27.12.2024