Белорусский портал в Казахстане

Кубінскі прэпарат супраць дыябету пачаў прымяняцца ў беларускіх бальніцах



Пра гэта заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Херарда Суарэс Альварэс.

Сёлета Беларусь і Куба могуць выйсці на якасна новы ўзровень двухбаковага супрацоўніцтва. 

Пасол звярнуў увагу, што Беларусь актыўна супрацоўнічае з Кубай у сферы аховы здароўя. Пасля паспяхова праведзеных у Мінску клінічных выпрабаванняў кубінскага прэпарата супраць сіндрому дыябетычнай ступні «Эберпрот-П», які не мае аналагаў у свеце, ён стаў прымяняцца для лячэння пацыентаў у беларускіх бальніцах на нацыянальным узроўні. Акрамя таго, кубінскі бок экспартуе ў нашу краіну іншую біятэхналагічную прадукцыю — напрыклад, вакцыну супраць гепатыту Б.

На думку кубінскага дыпламата, у 2017 годзе, акрамя работы ў дзеючых напрамках, неабходна заняцца паглыбленнем і пашырэннем двухбаковага парадку дня, які закране праекты ў іншых галінах, такіх як прамысловасць, сельская гаспадарка і навука. Па словах спадара Херарда Суарэса Альварэса, навука і тэхналогіі — менавіта тая вобласць, у якой мы можам умацаваць наша супрацоўніцтва, прымаючы пад увагу той факт, што 2017 год у Беларусі абвешчаны Годам навукі.

«Мы лічым, што створаны ўсе ўмовы для якаснага пераходу на новы ўзровень у нашых двухбаковых адносінах, — падкрэсліў Херарда Суарэс Альварэс. — І мы зможам найлепшым чынам выкарыстаць усе існуючыя магчымасці ў рамках выдатнай палітычнай волі абодвух урадаў».

Уладзіслаў Лукашэвіч
Звязда, 12 студзеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/60/38459
Текущая дата: 02.11.2024