Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Казахстан зацікаўлены развіваць супрацоўніцтва ў самых розных галінах



Аб гэтым 7 снежня заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Казахстанскаму шляху незалежнага развіцця - 25 гадоў".

"За гады незалежнасці Беларусь і Казахстан шматразова пацвердзілі сваю зацікаўленасць ва ўмацаванні добрасуседскіх, партнёрскіх, дружалюбных адносін і сваё імкненне да развіцця супрацоўніцтва ў самых розных галінах", - сказаў Андрэй Еўдачэнка.

Дыпламат звярнуў увагу, што краіны канструктыўна ўзаемадзейнічаюць на пляцоўках розных міжнародных арганізацый.

У ААН Казахстан з`яўляецца шматгадовым партнёрам Беларусі ў Групе сяброў, якія аб`ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі.

Вырашаючы праблему з забруджанай тэрыторыяй Сяміпалацінскага выпрабавальнага ядзернага палігона, Казахстан актыўна падтрымлівае Беларусь у фармаце міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва.

"Беларусь шчыра рада таму, што да 25-годдзя незалежнасці Казахстан падышоў з уражальным поспехам у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, наяўнасцю дакладных стратэгічных арыенціраў па збалансаваным развіцці нацыянальнай эканомікі з акцэнтам на інавацыі і перадавыя тэхналогіі, на сучасныя кіраўніцкія рашэнні, - заявіў першы намеснік міністра. - Прыемна адзначыць, што, нягледзячы на тыя змяненні, якія адбыліся ў сусветнай палітыцы за апошні час, традыцыйна цесныя сувязі паміж беларускім і казахстанскім народамі, якія фарміраваліся на працягу стагоддзяў, і цяпер паспяхова развіваюцца на прынцыпах узаемнай павагі, раўнапраўя і ўзаемнай выгады".

Паводле слоў Андрэя Еўдачэнкі, за гады незалежнасці Беларусь і Казахстан стварылі эфектыўныя двухбаковыя механізмы ўзаемадзеяння. Штогод праводзяцца пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, распрацавана і рэалізуецца дарожная карта развіцця ўзаемадзеяння.

"У дакрызісны 2014 год тавараабарот паміж нашымі краінамі дасягнуў рэкорднай сумы $1,1 млрд. Нам трэба да гэтага імкнуцца зноў", - упэўнены ён.

7 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/61/37927
Текущая дата: 02.11.2024