Белорусский портал в Казахстане

Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву - 105 гадоў



Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня заснавання Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

Гісторыя агенцтва пачала адлік 23 снежня 1918 года, калі ў Мінску адкрылася Беларускае аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва пры Усерасійскім ЦВК. На працягу наступных гадоў яно некалькі разоў мяняла назву, пакуль 7 сакавіка 1931 года не атрымала цяперашняе імя - Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА).

Усе гэтыя гады БЕЛТА нязменна застаецца крыніцай аператыўнай і дакладнай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і свеце. Штодзённа на стужцы навін агенцтва выходзіць каля 200 інфармацыйных заметак і аналітычных артыкулаў.

І калі яшчэ якіх-небудзь 30-40 гадоў таму стужка навін БЕЛТА была недаступная простаму чытачу, яна існавала толькі для газет, тэлебачання і радыё, то цяпер інфармацыя даступная для шырокай аўдыторыі ў краіне і за мяжой - на сайце belta.by і сацсетках яе могуць атрымліваць мільёны людзей.

Лідар у беларускай медыяпрасторы

Працуючы па прынцыпах сучаснай канвергентнай журналістыкі, агенцтва захавала тое, што было напрацавана раней, і актыўна развівае новыя напрамкі. Шырокае прымяненне атрымалі відэакантэнт і мультымедыйныя праекты. Па многіх паказчыках БЕЛТА лідзіруе ў беларускай медыяпрасторы. Так, сярод дзяржаўных СМІ БЕЛТА ў лідарах на YouTube - амаль 1,5 млн падпісчыкаў.

У БЕЛТА ёсць служба прафесійных перакладчыкаў. У інтэрнэт-партала belta.by сем моўных версій: руская, беларуская, англійская, нямецкая, іспанская, кітайская, а з кастрычніка 2023 года - і польская.

Актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва: падпісаны пагадненні з дзясяткамі сусветных агенцтваў навін і інтэрнэт-пляцовак.

У БЕЛТА буйнейшая ў Беларусі сетка фотарэпарцёраў і адзін з самых багатых у краіне хранікальных фондаў. Фотахроніка змяшчае сотні тысяч электронных фатаграфій, 47 тыс. негатываў і штогод папаўняецца дзясяткамі тысяч фота.

У актыве БЕЛТА - сучасны прэс-цэнтр, відэастудыя, аддзел інтэрнэт-праектаў і распрацоўкі сайтаў, уласны выдавецкі цэнтр, штотыднёвая газета "7 дней", "Інфармацыйны бюлетэнь Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", штомесячны часопіс "Беларуская думка", штоквартальны часопіс "Экономика Беларуси".

Агенцтва распрацоўвае тэматычныя білборды, арганізоўвае па некалькі фотавыставак у год.

Амаль 15 гадоў - з 2009-га - агенцтва займаецца суправаджэннем афіцыйнага сайта Рэспублікі Беларусь belarus.by. Ён уваходзіць у топ-5 выдачы па асноўных запытах пра Беларусь у буйнейшых пошукавых сістэмах інтэрнэту. Сайт уносіць свой уклад у процідзеянне фэйкам і стэрэатыпам, створаным тымі, хто ніколі не быў у Беларусі. Пляцоўка працуе на рускай, англійскай, беларускай і кітайскай мовах.

Новыя напрамкі развіцця

Відэакантэнт - тое, у чым БЕЛТА дабілася асаблівых поспехаў у апошнія гады. З улікам запатрабаванасці прадукту відэа суправаджаецца субцітрамі на англійскай і нямецкай мовах - гэта большая частка заяў Прэзідэнта Беларусі, праекты "Тыдзень Прэзідэнта" і "Па факце: рашэнні Першага" (на англійскай мове) і праект "У тэме" (на нямецкай).

YouTube-праект "У тэме" стартаваў у канцы 2021 года і за кароткі час перайшоў адзнаку 100 млн праглядаў. Яго папулярнасць - у актуальнасці і вастрыні тэм, якія каменціруюць лідары меркаванняў з розных краін: палітыкі, эканамісты, палітолагі, юрысты, ваенныя эксперты.

БЕЛТА таксама развівае аналітычны напрамак. У прыватнасці, выходзяць гукавыя падкасты, у якіх аналізуюцца актуальныя сусветныя падзеі.

Важныя пытанні ў адукацыі, ахове здароўя, ЖКГ і іншых сферах абмяркоўваюць і тлумачаць для шырокай аўдыторыі эксперты ў рамках праекта "Краіна гаворыць". А праект газеты "7 дней" "Беларусы ў кадры" расказвае пра поспехі і дасягненні жыхароў нашай краіны.

Погляд у будучыню

У інфармацыйнай прасторы ўсё вельмі хутка мяняецца, новыя тэхналогіі гэтаму садзейнічаюць. Нязменныя, як перакананы ў БЕЛТА, толькі прынцыпы праўды.

"Мы заўсёды абмежаваны праўдай. Чым адрозніваюцца беларускія дзяржаўныя СМІ ад незарэгістраваных блогерскіх інтэрнэт-каналаў, тэлеграм-каналаў, якія цяпер множацца як грыбы?.. Мы не маем права выдаваць інфармацыю з ніадкуль. Праверка часам аднімае каштоўны час, але мы абавязаны гэта рабіць, - адзначае генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч. - На працягу дзесяцігоддзяў мы ўяўляем сабой стапрацэнтна правераную крыніцу інфармацыі пра Беларусь, пра дзейнасць яе Прэзідэнта і ўрада, пра ўсё, што адбываецца на нашай зямлі... Інфастыль, манера падачы не застаюцца нязменнымі, і мы абавязаны ісці ў нагу з часам. Непахісна толькі адно - аператыўнасць і дакладнасць. Праўда цвярозая і спакойная і, на першы погляд, не такая цікавая. Але рухае светам праўда, а не эмоцыі і яркі загаловак".

"А БЕЛТА рухаюць людзі, якія любяць сваю прафесію. Такія людзі здольны на любыя здзяйсненні", - дабаўляе Ірына Акуловіч.

23 снежня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/7/71903
Текущая дата: 22.12.2024