Як паведамляе НІСЭПД, было апытана 1.513 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавысіла 3%.
Большасць апытаных сацыёлагамі беларусаў аддаюць перавагу Аляксандру Лукашэнку, а не кандыдату ад дэмакратычнай апазіцыі на цяперашніх выбарах прэзідэнта. Пра гэта сведчаць вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва).
На пытанне "Калі Аляксандр Лукашэнка будзе ў пяты раз выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах і з ім будзе сапернічаць кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі, за каго з іх вы б прагаласавалі?" 37,4% адказалі "за Лукашэнку", 20,6% — "за кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі". Яшчэ 27% не прагаласавалі б "ні за аднаго з іх" (у сакавіку гэтыя лічбы складалі 37%, 23,2% і 21% адпаведна).
Такім чынам, канстатуе НІСЭПД, зніжэнне электаральнага рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, якое назіралася з верасня мінулага года, змянілася павышэннем: калі ў сакавіку за яго гатовыя былі галасаваць 34,2%, то сёння — 38,6%. Пры гэтым рэйтынг даверу дзейнага прэзідэнта застаецца на ранейшым узроўні: 49% яму давяраюць, 39,1% — не, сведчыць даследаванне.
Рэйтынгі іншых палітыкаў (па адкрытым пытанні) наступныя: Уладзіміра Някляева — 4,7% (у сакавіку 7,6%), Мікалая Статкевіча 5% (4,5%), Анатоля Лябедзькі — 4,2% (2.9%), Сяргея Гайдукевіча — 3,9% (1,1%), Сяргея Калякіна —3,1% (1.6%), Аляксандра Прушынскага — 1,6%, Алены Анісім і Таццяны Караткевіч — па 1,1%.
Рэйтынгі вышэйназваных палітыкаў па закрытым пытанні (калі рэспандэнтам прапануецца адказаць толькі "так" ці "не") склалі: Лукашэнка — 38,6%, Някляеў — 5,7%, Статкевіч — 6,5%, Лябедзька — 5,4%, Гайдукевіч — 5,4%, Калякін — 4,4%, Прушынскі — 2,6%, Анісім — 2,4%, Караткевіч — 2,2%.
"Россып" кандыдатаў у прэзідэнты, няздольнасць апазіцыі дамаўляцца паміж сабой, памножаная на "рассыпанасць" самога беларускага грамадства (толькі чвэрць апытаных лічаць, што "большасці людзей можна давяраць", а больш за 67% прытрымліваюцца процілеглага меркавання), асуджае сёння на няўдачу амаль любую палітычную альтэрнатыву", — рэзюмуе НІСЭПД.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 1 ліпеня 2015
Мінск, 1 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/71/31784
Текущая дата: 03.11.2024