Розыгрыш баявога эпізоду на палігоне "Брэсцкі" за 4 км ад польскай мяжы і за 38 ад украінскай стаў фінальным акордам вучэнняў АДКБ "Баявое брацтва" на тэрыторыі Беларусі. Самыя эфектныя моманты глядзіце на відэа.
На гэтым участку была створана максімальна набліжаная да баявой тактычная абстаноўка, каб групоўка калектыўных сіл АДКБ магла адпрацаваць вучэбна-баявыя задачы, расказалі ў Аб’яднаным штабе АДКБ.
Па задумцы вучэнняў, умоўны праціўнік захапіў некалькі населеных пунктаў, спыніў рух па чыгунцы і здзейсніў некалькі тэрактаў.
Калектыўныя сілы АДКБ падрыхтавалі сумесную аперацыю з тым, каб вызваліць захопленую тэрыторыю, знішчыўшы або ўзяўшы ў палон баевікоў, а таксама аднавіць становішча паблізу ад беларускай дзяржмяжы.
Для рэалізацыі аперацыі ваенныя сфармавалі баявыя групы інтэрнацыянальнага складу, у кожнай з якіх была свая задача – блакаванне ўмоўнага праціўніка, прыкрыццё сваіх байцоў і паражэнне цяжкай тэхнікі захопнікаў, штурм апорных пунктаў, агнявое паражэнне, супрацьпаветраная абарона, кіраванне беспілотнікамі, эвакуацыя і шэраг іншых.
Групы, у склад якіх былі ўключаны падраздзяленні ад Беларусі, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана, працавалі максімальна зладжана. Быў вызначаны дакладны баявы парадак дзеянняў, распісаны літаральна па секундах.
Кіраўнік штаба Арганізацыі Анатоль Сідараў адзначыў высокую баявую вывучку і зладжанасць дзеянняў ваеннаслужачых і дадаў, што "праяўленыя ўсімі ўдзельнікамі вучэнняў якасці дазволілі выпрацаваць задуму сумесных дзеянняў, прыняць абгрунтаваныя рашэнні і дасягнуць пастаўленых мэт".
Таксама на фінальным эпізодзе прысутнічалі ваенныя аташэ і прадстаўнікі пасольстваў з 19 краін, 3 з якіх – прадстаўнікі краін НАТА, заявілі ў Мінабароны Беларусі.
Усяго падчас манеўраў "Баявога брацтва" ў Беларусі было задзейнічана больш за 2 500 вайскоўцаў і больш за 500 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
Sputnik, 6 верасня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/9/70941
Текущая дата: 22.12.2024