Белорусский портал в Казахстане

Камітэт па замежных справах Еўрапарламента разгледзіць у другім чытанні даклад аб сітуацыі ў Беларусі



Пра гэта паведамілі ў брусельскім офісе Юстаса Палецкіса.

Справаздача аб сітуацыі ў Беларусі, якую дакладчык Еўрапарламента Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Еўракамісіі, Савета ЕС і Службы знешніх дзеянняў Еўракамісіі, будзе паўторна абмеркавана 8 ліпеня на пасяджэнні камітэта па замежных справах ЕП у Бруселі.

Справаздача падрыхтавана паводле вынікаў візіту Палецкіса ў Мінск 18—21 сакавіка. 30 мая камітэт па замежных справах разгледзеў яе ў першым чытанні. Паводле ацэнкі самога дакладчыка, дыскусія была "гарачай і эмацыянальнай".

Дакумент выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы абурыліся тым, што ў дакладзе сказана пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс у сваю чаргу сцвярджаў, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Разам з тым дакладчык прызнаў: фармулёўка аб "паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека" ў справаздачы няўдалая і будзе зменена.

Да 12 чэрвеня быў абвешчаны прыём дапаўненняў і змяненняў у даклад. Пасля завяршэння гэтага тэрміну Палецкіс паведаміў, што паступіла больш як 300 дапаўненняў і прапаноў.

Рыхтуючыся да абмеркавання даклада ў другім чытанні, яго аўтар правёў шэраг кансультацый з дэпутатамі ад розных фракцый Еўрапарламента, а таксама прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Пасля сённяшняга разгляду на пасяджэнні камітэта па замежных справах даклад павінен быць вынесены на абмеркаванне ўдзельнікаў пленарнай сесіі Еўрапарламента.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 8 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/92/22045
Текущая дата: 27.12.2024