У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — памятная дата, якая адзначаецца на дзяржаўным узроўні.
У памяць аб першым дні вайны ў розных кутках нашай краіны штогод праходзяць памятныя і ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам Прэзідэнта, вышэйшых службовых асоб, ветэранаў, працоўных калектываў, прадстаўнікоў маладзёжных і грамадскіх арганізацый, а таксама гасцей з замежных краін.
Паўсюдна да памятных месцаў, воінскіх пахаванняў у гэты дзень ускладаюцца кветкі, праводзяцца мітынгі-рэквіемы, сходы ветэранаў, маштабныя гістарычныя рэканструкцыі. Традыцыйна цэнтрам памятных мерапрыемстваў становіцца легендарная Брэсцкая крэпасць.
На світанні 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Пачалася рэалізацыя плана «Барбароса», згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці маланкавую вайну і адным ударам разграміць СССР.
На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.
22 чэрвеня першымі рух ля савецкай граніцы заўважылі пагранічныя нарады. Лінейныя заставы пагранатрадаў у 4.00 зведалі моцны артылерыйскі і мінамётна-кулямётны абстрэл. Пасля першых ашаламляльных залпаў, непазбежнага хвіліннага замяшання прагучалі галасы камандзіраў: «Застава, у ружжо!»
Пад прыкрыццём артылерыі нямецка-фашысцкія войскі пачалі фарсіраваць пагранічныя рэкі. Ад заходняга берага сталі адчальваць лодкі, плыты з пяхотай праціўніка, на ўсходні бераг пачалі выбірацца плаваючыя танкі, якія рушылі на ўсход, выходзячы да асноўных магістралей і дарог. Для знішчэння пагранічных застаў былі вылучаны спецыяльныя атрады аўтаматчыкаў.
Ужо ў 10.45 22 чэрвеня намеснік начальніка Заходняй пагранічнай акругі камбрыг Курлыкін дакладваў у штаб: «Баі ідуць па ўсім фронце, амаль ва ўсіх атрадах парушана сувязь, пагранічнікі змагаюцца да канца».
Стойкасць пагранічнікаў, іх масавы гераізм парушалі планы германскага камандавання, якое выдзяляла на падаўленне пагранічных застаў 30 хвілін. Гітлераўцы захапілі Брэст і цалкам акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў прадаўжалі змагацца ў крэпасці да трэцяй дэкады ліпеня 1941 года.
Моцнае супраціўленне сустрэлі нямецкія войскі і на поўдзень ад Брэста, дзе 22 чэрвеня 1941 года савецкая 75-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Сямёна Іванавіча Нядзвігіна сумесна з караблямі Пінскай ваеннай флатыліі ў раёне Маларыты спыніла наступленне 53-га нямецкага армейскага корпуса. Дзякуючы ўмелым дзеянням савецкай групоўкі на гэтым напрамку тры нямецкія дывізіі, у тым ліку танкавая, былі вымушаны 23-27 чэрвеня перайсці да тактыкі вядзення абарончых баёў.
У першыя дні вайны войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары. Байцы Чырвонай Арміі прадэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння плана маланкавай вайны.
У гады вайны на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Вайсковымі злучэннямі ў час вайны камандавалі 217 генералаў і адміралаў — беларусаў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. У баях пад Масквой вызначыліся Даватар, Лізюкоў, Сычэнка і многія іншыя. У адным з баёў на Курскай дузе лётчык Аляксандр Гаравец збіў дзевяць варожых самалётаў. Зінаіда Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў.
У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара — памяць аб іх будзе жыць вечна.
Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Ракнкам на плошчы Цырыманіялаў на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» прайшоў памятны мітынг з ускладаннем кветак да Вечнага агню. Таксама ва ўсіх раёнах рэгіёна пройдуць мерапрыемствы з мінутай маўчання. Цэнтральнай падзеяй стане мітынг-рэквіем ля Брацкай магілы нумар 430 у аграгарадку Лясная Баранавіцкага раёна з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці.
У Віцебскай вобласці памятныя мітынгі пройдуць у 5 рэгіёнах — Пастаўскім, Бешанковіцкім, Браслаўскім, Гарадоцкім, а таксама Кастрычніцкім раёне Віцебска. Адбудзецца акцыя «Полымя памяці» — запальванне лампады ад Вечнага агню і перадача лампады па жывым ланцужку. Пачатак ланцужок возьме на пл. Перамогі і завершыцца ля воінскага пахавання па вул. Савецкай.
У Гомельскай вобласці пройдзе моладзевая акцыя «Ніхто не забыты. Нішто не забыта», а на пл. Працы ля Вечнага агню адбудзецца мітынг-рэквіем.
У Гродзенскай вобласці ва ўсіх раёнах пройдуць памятныя мітынгі з мінутай маўчання на прадпрыемствах, дзіцячых аздараўленчых лагерах, сельсаветах. Цэнтральным мерапрыемствам стане памятны мітынг у парку імя Жылібера ў Гродне з удзелам кіраўніцтва аблвыканкама, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, працоўных калектываў. Памятны мітынг таксама адбудзецца ля помніка Савецкім пагранічнікам у Гродне.
У Магілёўскай вобласці цэнтральным стане мерапрыемства на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», асноўным — мітынг-рэквіем ля Брацкай магілы савецкіх ваеннапалонных, знішчаных фашыстамі ў Бабруйскай крэпасці.
У Мінскай вобласці абласное мерапрыемства пройдзе на мемарыяльным комплексе «Хатынь» і аб’яднае амаль 500 чалавек.
У Мінску адбудзецца памятная цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі з удзелам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Памятныя мерапрыемствы з мінутай маўчання пройдуць ля Брацкай магілы невядомага салдата, на пляцоўцы каля брацкай магілы па пр. Дзяржынскага, на плошчы Перамогі ля Вечнага агню, мемарыяльным комплексе «Масюкоўшчына», могілках «Ваенныя», Брацкай магіле па вул. Талбухіна. Мітынг-рэквіем з удзелам кіраўніцтва Мінгарвыканкама адбудзецца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».
Звязда, 22 чэрвеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-3/16/59832
Текущая дата: 26.12.2024