Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Euronews абмяркоўваюць перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў



Аб гэтым паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі.

Беларусь і Euronews абмяркоўваюць перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў. Як праінфармавалі ў пасольстве, 9 верасня ў Ліёне ў штаб-кватэры тэлевізійнага канала Euronews адбылася сустрэча пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі з галоўным выканаўчым дырэктарам тэлеканала Міхаэлем Петэрсам.

"У ходзе размовы разгледжаны пытанні пашырэння ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Euronews. У прыватнасці, абмеркаваны перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў з Euronews і магчымасці прадстаўлення Беларусі на адным з вядучых тэлеканалаў Еўропы", - праінфармавалі ў дыпмісіі.

Раней паведамлялася, што тэлеканал Euronews зацікаўлены ў пашырэнні інфармацыі пра Беларусь за межамі краіны і прапануе цэлую праграму супрацоўніцтва. У прыватнасці, цікавы для прадстаўнікоў Euronews праект па пашырэнні іміджавага роліка "Беларусь - краіна для жыцця".

Якасць гэтага відэароліка замежныя спецыялісты ацанілі вельмі высока і выказалі гатоўнасць з ім працаваць. У ліпені адбылася сустрэча міністра інфармацыі Ліліі Ананіч з прадстаўнікамі акцыянернага таварыства Euronews SA.

Абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва паміж Беларуссю і тэлеканалам Euronews у галіне інфармацыі, уключаючы папулярызацыю іміджу краіны за мяжой, яе турыстычных магчымасцей.

Не засталося без увагі пытанне ўзаемадзеяння Euronews з нацыянальнымі тэлерадыёкампаніямі, а таксама арганізацыі вучэбных курсаў павышэння кваліфікацыі работнікаў тэлекампаній у Акадэміі Euronews.

9 верасня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-3/37/36887
Текущая дата: 15.11.2024