Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўнікі шэрагу краін намецілі на сустрэчы ў Мінску шляхі захавання дакументальнай спадчыны Еўропы



Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальная бібліятэкі Беларусі.

Прадстаўнікі шэрагу краін, якія ўзялі ўдзел у пасяджэнні міжнароднага круглага стала "Еўрапейская дакументальная спадчына" 8 красавіка ў Мінску, намецілі праграму супольнай дзейнасці па захаванні, вывучэнні і папулярызацыі дакументальнай спадчыны Еўропы. 

Пасяджэнне круглага стала адбылося ў рамках ХІІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў "Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі". У ім узялі ўдзел прадстаўнікі архіўных, бібліятэчных і музейных ўстаноў Беларусі, Венгрыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны. 

Падчас мерапрыемства абмяркоўваліся праблемы захавання, вывучэння і ўвядзення ў навуковы і грамадскі ўжытак еўрапейскай дакументальнай спадчыны, намечаны шляхі актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва па распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, накіраваных на выяўленне, захаванне і сумеснае выкарыстанне дакументальнай спадчыны ў эпоху лічбавых тэхналогій. 

Таксама былі абмеркаваныя праекты мерапрыемстваў, якія плануецца правесці ў 2017 годзе ў розных краінах Еўропы з нагоды святкавання 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 9 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-3/38/35120
Текущая дата: 18.05.2024