Белорусский портал в Казахстане

Буракі і бульба — супраць таксінаў і канцэрагенаў



Малако за шкоднасць атрымліваюць прадстаўнікі многіх прафесій. Аднак ёсць меркаванне, што наўрад ці гэты прадукт можа нейтралізаваць усе яды і таксіны, якія трапляюць у арганізм людзей, занятых на шкоднай вытворчасці.

Даследчыкі сцвярджаюць, што абясшкодзіць таксічныя спалучэнні можна з дапамогай спецыяльнай дыеты. Здольнасцю інактываваць шкодныя рэчывы і выводзіць іх з арганізма валодае марская капуста. Яе лісце на 5 працэнтаў складаецца з солей альгінавай кіслаты, якія называюць прыроднымі ўтылізатарамі шкодных рэчываў. Альгіны звязваюць некаторыя хімічна-актыўныя спалучэнні, а таксама солі цяжкіх металаў. Тыя пераходзяць у інертны стан і ўжо не могуць нанесці здароўю ніякай шкоды.

Нейтралізаваць шкодныя рэчывы дапамагае таксама клятчатка, якая ўтрымліваецца ў гародніне і садавіне. У гэтым сэнсе сапраўды ўнікальнымі ўласцівасцямі валодаюць буракі, якія ўтрымліваюць флаваніды. Флаваніды звязваюцца з цяжкімі металамі, а інертныя спалучэнні, што ўтвараюцца ў выніку такой рэакцыі, хутка выводзяцца з арганізма. Да ўсяго іншага буракі валодаюць антыбактэрыяльнай актыўнасцю. Яны абеззаражваюць некаторыя таксіны, што выпрацоўваюцца небяспечнымі мікробамі.

І, нарэшце, не менш карыснай можа аказацца бульба, звараная ў шалупінні. Крухмал, які ўтрымліваецца ў бульбе, не пераварваецца ў кішэчніку. Ён па сваёй структуры нагадвае сетку, у якую і трапляюць малекулы розных шкодных спалучэнняў — ад нітратаў да канцэрагенаў. Такім чынам, вараная бульба можа быць найкаштоўнейшым прадуктам для прадстаўнікоў "шкодных" прафесій: хімікаў, фармацэўтаў, шкловыдзімальнікаў, маляроў, анестэзіёлагаў, вадзіцеляў і паставых ДАІ. Апошнія вымушаны штодня ўдыхаць загазаванае паветра, якое ўтрымлівае ў сабе цяжкія металы і таксічныя лятучыя спалучэнні, шкодныя для здароўя.

Надзея Нікалаева
Звязда

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-3/55/3533
Текущая дата: 27.11.2024