Белорусский портал в Казахстане

Гродзенскія судэксперты выявілі марыхуану ў гарбаце, якая ўвозіцца ў Беларусь



Гродзенская рэгіянальная мытня канфіскавала падазроную гарбату, экспертыза выявіла ў ёй наркотык. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага абласнога ўпраўлення ДКСЭ.

У пункце пропуску «Каменны лог» падчас правядзення мытнага надгляду транспартнага сродку, які рухаўся ў Беларусь, супрацоўнікі мытні выявілі гарбату, якая выклікала падазрэнне ў законнасці перамяшчэння. Кіроўца – грамадзянін Літвы.

Упакоўкі канфіскавалі і накіравалі ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці для правядзення судовай экспертызы наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў, моцнадзейных рэчываў.

Судэксперты ўстанавілі, што прадстаўленыя на экспертызу сумесі ўтрымліваюць у сваім складзе марыхуану.

Гродзенская рэгіянальная мытня праводзіць праверку.

У шэрагу еўрапейскіх краін афіцыйна дазволены продаж гарбаты, шакаладу, алкаголю і іншых прадуктаў, якія ўтрымліваюць у сваім складзе часткі раслін роду Канопля (Cannabis), але ўвоз такіх тавараў забаронены на мытную тэрыторыю ЕАЭС.

За незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў і прэкурсораў прадугледжана крымінальная адказнасць.

Звязда, 9 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-402/2/72538
Текущая дата: 26.12.2024