Белорусский портал в Казахстане

Расіянін пазбавіўся 2700 беларускіх рублёў, паверыўшы махлярцы



Падрабязнасці гісторыі паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Так, супрацоўнікамі міліцыі затрыманая 67-гадовая жыхарка Мінскага раёна, якая ашуканскім шляхам завалодала грашовымі сродкамі расіяніна.

У красавіку да праваахоўнікаў Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце звярнуўся грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Мужчына распавёў, што ў жніўні мінулага года на чыгуначным вакзале ў Мінску ён пазнаёміўся з жанчынай, якая паабяцала падабраць яму аўтамабіль для пакупкі, аднак пасля перадачы грошай перастала выходзіць на сувязь.

Са слоў пацярпелага, для гэтай мэты грамадзянка нават звазіла яго да вайсковай часткі, размешчанай за 100 кіламетраў ад Мінска. Мужчыну новая знаёмая распавяла, што мае знаёмства там і можа дамовіцца з продажам транспартнага сродку па недарагой цане.

Пасля расіянін яшчэ некалькі разоў прыязджаў у сталіцу, каб перадаць грошы на аўтамабіль. Жанчына абяцала вырашыць пытанне ў самыя кароткія тэрміны. Але па сканчэнні некалькіх месяцаў мужчына так і не дачакаўся свайго транспартнага сродку, а знаёмая і зусім перастала выходзіць на сувязь.

Аператыўнікамі Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце ў ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што да прысваення грошай мае дачыненне 67-гадовая жыхарка Мінскага раёна.

Высветлілася, што грашовыя сродкі расіяніна затрыманая выдаткавала на пагашэнне крэдыту. Агульная сума шкоды склала 2700 беларускіх рублёў. Распачата крымінальная справа.

Сяргей Расолька
Звязда, 19 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-402/5/53600
Текущая дата: 26.12.2024