Белорусский портал в Казахстане

Беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у міжнароднай выставе "Мытная служба — 2016" у Маскве



Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Юрыем Сянько возьме ўдзел у XVII міжнароднай выставе "Мытная служба", якая пройдзе 25—26 кастрычніка ў Маскве.

Як паведамляе прэс-служба ДМК, галоўныя мэты выставы — усталяванне адкрытага дыялогу паміж мытнай службай і вядучымі прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, усямернае развіццё дзелавых і партнёрскіх сувязяў.

Летась у аналагічнай выставе ўзялі ўдзел прадстаўнікі 32 мытных службаў свету. У цяперашнім мерапрыемстве возьмуць удзел кіраўнікі мытных адміністрацый дзяржаў — членаў ЕАЭС, кіраўнікі Сусветнай мытнай арганізацыі, замежных мытных службаў, а таксама найбуйнейшых расійскіх і замежных кампаній і бізнес-аб`яднанняў у сферы знешнеэканамічнай дзейнасці.

Беларуская мытная служба прадставіць на выставе сваю экспазіцыю. На ёй будуць дэманстравацца ключавыя элементы інфарматызацыі і аўтаматызацыі мытных фармальнасцяў, дасягненні ў галіне рэалізацыі мытнай справы, ва ўдасканаленні механізмаў знешнегандлёвай дзейнасці, якія адлюстроўваюць перадавую практыку беларускай мытнай службы. Са сваёй экспазіцыяй таксама выступіць рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белмытнясэрвіс".

На выставе можна будзе азнаёміцца з тэхналогіямі знешнеэканамічнай дзейнасці, мытнымі паслугамі, інфармацыйнымі тэхналогіямі і праграмным забеспячэннем для ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, сістэмамі бяспекі, сродкамі дагляду, лагістыкі, транспартна-экспедытарскіх паслуг, страхаваннем у сферы мытнай справы і транспартнай лагістыкі. У рамках дзелавой праграмы мерапрыемства будуць арганізаваныя круглыя сталы па актуальных пытаннях мытнай праблематыкі.

ДМК удзельнічае ў мерапрыемстве з 2009 года.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 24 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-402/9/37397
Текущая дата: 23.11.2024