Белорусский портал в Казахстане

Расійскі ўніверсітэт спецназа ў Чачні атрымае абсталяванне з Беларусі



Аб гэтым паведаміў кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў у сацыяльнай сетцы "УКантакце".

Паводле даручэння прэзідэнта Чачні Беларусь наведалі інструктары РУС на чале з памочнікам кіраўніка ЧР, першым намеснікам начальніка ўпраўлення Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па ЧР Даніілам Мартынавым. 

Паездка адбылася па запрашэнні памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі. 

"У насычаную праграму візіту, уключаючы сустрэчу з Віктарам Лукашэнкам, было запланаванае наведванне шэрагу навукова-тэхнічных цэнтраў і буйных кампаній АПК (абаронна-прамысловы комплекс.) Беларусі. Спецыялісты РУС азнаёміліся з перадавымі ўзорамі ўзбраення, сродкамі барацьбы з БПЛА (беспілотныя лятальныя апараты. ), оптыка-электроннымі прыборамі і іншымі сучаснымі сістэмамі бяспекі", — паведаміў Кадыраў.

Акрамя таго, інструктарская група РУС "ацаніла дасягненні беларускіх калегаў падчас наведвання шматфункцыянальнага стралковага комплексу і цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі". 

Інструктары наведалі спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" Міністэрства ўнутраных спраў.

"Адным з важных вынікаў візіту стала дасягненне пагаднення аб пастаўцы Расійскаму ўніверсітэту спецназа высокатэхналагічнага абсталявання, неабходнага для вучэбна-трэніровачнага працэсу", — адзначыў Кадыраў.

Паводле яго слоў, праграма візіту ўключала культурныя мерапрыемствы: група наведала Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і Нацыянальны музей народнай архітэктуры і побыту.

"Я дзякую дарагому сябру Віктару Лукашэнку за арганізацыю насычанай праграмы для спецыялістаў РУС", — напісаў Кадыраў.

Універсітэт быў заснаваны ў 2013 годзе ў Гудэрмесе (Чачня) па прапанове Кадырава.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 29 кастрычніка 2018


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/1/45449
Текущая дата: 29.03.2024