Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі будуць выпускаць зубную пасту з антыковідным эфектам



Незвычайная зубная паста і апалашчвальнікі могуць у хуткім часе з`явіцца на прылаўках беларускіх крамаў.

Пра гэта распавяла на семінары ў гарадскім Цэнтры здароўя для спецыялістаў па ЗЛЖ устаноў аховы здароўя Мінска прадстаўнік парфюмерна-касметычнай фабрыкі «Модум — наша касметыка» Людміла Набок, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

— У снежні ў шэрагу СМІ з’явіліся паведамленні аб тым, што некалькі транснацыянальных кампаній выпусцілі прадукты, якія маюць антыковідный эфект, — расказала спецыяліст. — Безумоўна, мы зацікавіліся паведамленнямі не з прэсы, а тымі даследаваннямі, якія даказвалі такі эфект. Да свайго здзіўлення убачылі, што кампаненты, якія выкарыстоўваюцца ў прадстаўленых прадуктах, мы таксама ўжывалі.

Па словах Людмілы Набок, рэцэптуру, якая валодае антыковідным эфектам, у лабараторыі беларускай парфюмерна-касметычнай фабрыкі распрацавалі тры гады таму, калі пра СOVID-19 яшчэ ніхто не ведаў. Такія пасты і апалашчвальнікі прызначаліся для якаснага догляду за поласцю рота.

— Мы зноў вярнуліся да гэтай распрацоўкі, як высветлілася, вельмі актуальнай. Зараз плануем праводзіць даследаванні ў незалежнай лабараторыі. Як толькі атрымаем станоўчыя, я ўпэўненая, вынікі, то прапануем гэтыя прадукты беларускім спажыўцам. У далейшым пастараемся, каб гэты прадукт быў максімальна даступны, — распавяла Людміла Набок.

Як раней паведамлялі СМІ, навукоўцы высветлілі, што зубная паста і апалашчвальнікі, якія змяшчаюць цынк або волава, могуць нейтралізаваць каранавірус на 99,9% за дзве хвіліны. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, вынікі іх даследавання апублікаваныя ў медыцынскім часопісе Брытанскай стаматалагічнай асацыяцыі British Dental Journal.

Звязда, 2 сакавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/1/58495
Текущая дата: 27.04.2024