У Беларусі выпусцілі інтэр’ерную парфуму Fundamental № 1. Брэндавая лімітаваная лінейка валодае самым незвычайным водарам — бетону.
І гэта не фантастыка, бо прадставіў гэты дыфузар завод «Сучасныя бетонныя канструкцыі». Стваральнікаў натхнілі жанчыны, якія працуюць на прадпрыемстве.
Канцэпцыя парфумы складаецца ў сінтэзе жаночай энергіі і вытворчасці жалезабетону — матэрыялу, які фармуе прастору і надае яму характар.
Удыхаючы водар бетону (fragrance of concrete), можна адчуць пах свежага азону, ядлоўца і бергамота, якія змяняюцца глыбокімі нотамі пачулі, тытунёвага ліста, кедра і скуры. У фінале застаецца цёплы шлейф амбры і ладану.
Вытворца кажа, што гэты водар сімвалізуе баланс грубых і далікатных формаў — гэтак жа, як глыбіня жаночага погляду напаўняе разнастайныя сферы любоўю да нюансаў і прыгажосці, ствараючы вытанчаны і выразны вынік.
«Жаночая сіла тут — гэта саюз жорсткасці і гнуткасці, спалучэнне логікі і інтуіцыі, тэхналогіі і эстэтыкі. У аснове ўсяго — натхненне жанчыны. Я б сказала, натхненне ўсіх жанчын нашага прадпрыемства, якія займаюцца такой няпростай справай, як вытворчасць жалезабетонных канструкцый», — пракаменціравала дырэктар завода Таццяна Бігун.
«Сучасныя бетонныя канструкцыі» — гэта частка групы кампаній «А-100 Дэвелапмент». Як адзначыла генеральны дырэктар Ганна Ястрабава, на кіруючых пасадах гэтых кампаній шмат гадоў знаходзяцца жанчыны: «Мы даўно пераканаліся, што менавіта жаночы падыход да кіравання вытворчасцю і будаўніцтвам дае магчымасць ствараць нестандартныя праекты, удзяляць такую ўвагу дэталям».
Паводле яе слоў, у выніку зладжанай працы нараджаюцца і такія неардынарныя ідэі, як водар бетону.
Звязда, 7 сакавіка 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/1/77360
Текущая дата: 10.03.2025