Белорусский портал в Казахстане

МАЗ распрацуе спецыяльны аўтобус для краін Афрыкі



ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" плануе распрацаваць спецыяльны аўтобус для краін Афрыкі, паведамілі на прадпрыемстве.

Яго можна будзе выкарыстоўваць на прыгарадных дарогах з дрэнным пакрыццём, расказалі прадстаўнікі ААТ "МАЗ".

Прыгарадны аўтобус будзе спраектаваны з улікам асаблівасцяў Афрыканскага кантынента, таму зможа свабодна ездзіць на розных дарогах, у тым ліку грунтавых. Яго будуць адрозніваць высокі кліранс, непатрабавальны ў эксплуатацыі рухавік і адносна просты салон. Акрамя таго, у ім будзе ўстаноўлены магутны кандыцыянер.

Раней на Мінскім аўтазаводзе ўжо выпусцілі ў якасці эксперыменту адзін аўтобус для Афрыкі. "МАЗ-131020" створаны на аснове шасі грузавога аўтамабіля з простым кузавам, а на даху размешчана пляцоўка для багажу з лесвіцай, па якой можна забрацца наверх. Пры гэтым салон умяшчае 65 пасажыраў. Аўтобус-пазадарожнік можа выкарыстоўвацца там, дзе звычайныя аўтобусы праехаць не ў стане. "Вывучыўшы патрэбы афрыканскага рынку, мы вырашылі паставіць задачу канструктарам распрацаваць новы аўтобус. Мы разлічваем, што ён будзе запатрабаваны ў краінах далёкага замежжа — перш за ўсё Афрыкі", — растлумачылі ў ААТ "МАЗ".

На мінулым тыдні Мінскі аўтазавод наведаў кіраўнік нігерыйскай Dangote Group Алаке Маркус Олакунле. Кампанія займае лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці цэменту, таксама працуе ў сферы грузаперавозак і на рынку прадуктаў харчавання. Яе гадавы абарот перавышае 4,1 млрд долараў. Dangote Group плануе абнаўляць свае аўтапаркі і закупіць буйную партыю беларускай аўтатэхнікі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 28 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/11/44703
Текущая дата: 23.12.2024