Белорусский портал в Казахстане

НАН Беларусі пачне ў 2017 годзе выраб спадарожніка БКА-2



Аб гэтым паведаміў 6 студзеня кіраўнік апарату НАН Беларусі акадэмік Пётр Віцязь у час прэзентацыі Года навукі ў Беларусі.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пачне ў 2017 годзе выраб Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання - БКА-2.

"За апошнія два гады ў Беларусі з`явілася новая галіна навукі - касмічныя даследаванні. Для гэтага ў нас створана сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, ёсць свой спадарожнік. Цяпер мы працуем над стварэннем новага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання з распазнаваннем 0,5 м, наша задача ў гэтым годзе - пачаць яго выраб. Мы прапрацавалі ўжо тэхнічныя патрабаванні, падпісалі неабходныя дагаворы", - сказаў Пётр Віцязь.

Ён растлумачыў, што касмічная інфармацыя з першага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі выкарыстоўваецца 11 міністэрствамі Беларусі. "Работа БКА-1 прадоўжана на два гады, гэта ўжо ўзгоднена з Раскосмасам.

Акрамя таго, разам з БДУ мы стварылі нанаспадарожнік, які трэба ў гэтым годзе запусціць, стварыць сістэму кіравання. Лічу, што мы гэта будзем рабіць разам, каб выкарыстоўваць гэты спадарожнік не толькі ў вучэбных мэтах, але і ў навуковых", - расказаў ён.

БКА-2 будзе стварацца ў той жа кааперацыі распрацоўшчыкаў, якія выраблялі і БКА-1. З расійскага боку гэта АТ "Карпарацыя "УНДІЭМ" (Усесаюзны навукова-даследчы інстытут электрамеханікі з заводам імя А.Г.Іасіф`яна). Мэтавую апаратуру будзе вырабляць беларускае прадпрыемства "Пеленг".

Эксплуатацыя БКА-2 дасць магчымасць ствараць тапаграфічныя навігацыйныя карты ў маштабе 1:10 000, адпаведна гэта стане асновай для вырашэння розных кадастравых задач. Запусціць другі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі плануецца ў канцы 2019 года.

Першы Беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі быў паспяхова выведзены на разліковую арбіту 22 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур у Казахстане ў кластары з пяці касмічных апаратаў. Цяпер БКА ажыццяўляе касмічныя здымкі ў інтарэсах 21 арганізацыі, якія знаходзяцца ў веданні 11 міністэрстваў Беларусі, а таксама камерцыйныя здымкі ў інтарэсах шэрага замежных заказчыкаў.

6 студзеня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/16/38379
Текущая дата: 19.11.2024