Найбольш запатрабаваныя ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі прэзентуе абаронны сектар эканомікі Беларусі на выставе LIMA-2017, якая пройдзе на востраве Лангкаві (Малайзія) 21—25 сакавіка.
Як паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Уладзімір Лаўранюк, у якасці калектыўнага арганізатара аб`яднанага стэнда Дзяржкамваенпрама на LIMA-2017 выступіць дзяржаўнае знешнегандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Белспецзнештэхніка".
На стэндзе будуць прэзентаваныя найноўшыя абаронныя тэхналогіі і магчымасці абароннага сектара эканомікі Беларусі ў галіне распрацоўкі і вытворчасці рабатызаванай тэхнікі, авіяцыйных кампанентаў, сучасных сродкаў радыёлакацыі, станцый і комплексаў радыяперашкодаў радыёсувязі, аптычнай і оптыка-электроннай прадукцыі, прылад адлюстравання інфармацыі, здольных працаваць у жорсткіх умовах эксплуатацыі, а таксама глыбокай мадэрнізацыі зенітных ракетных комплексаў супрацьпаветранай абароны.
Свае экспазіцыі на калектыўным стэндзе размесцяць "Белспецзнештэхніка", ААТ "КБ Радар" — кампанія-кіраўнік холдынга "Сістэмы радыёлакацыі", ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей".
З самастойнай экспазіцыяй выступіць ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод". Прадпрыемства з Баранавічаў пакажа шырокую лінейку беспілотных лятальных апаратаў: тактычныя БПЛА самалётнага тыпу ( "Беркут-1(2)", "Кондар-1(2)" і "Маскіт") і вертыкальнага ўзлёту і пасадкі (тыпу квадракоптар) — БПЛА "Шэршань", апаратуру радыётэхнічнай аховы "Сатэліт" і больш за 20 пазіцый авіяцыйных кампанентаў.
Сярод іншых беларускіх распрацовак, якія будуць прэзентаваныя на выставе, — станцыя перашкод УКХ-радыёсувязі "Навальніца" і станцыя радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі "Навальніца-С" (ААТ "КБ Радар"), прылады адлюстравання інфармацыі (дысплейныя модулі і нашлемныя сістэмы індыкацыі), аўтаматызаваны дыстанцыйна-кіраваны наглядальна-агнявы комплекс "АДУНОК" (ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей").
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2017
Мінск, 2 сакавіка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/16/38797
Текущая дата: 22.12.2024