Белорусский портал в Казахстане

Новы трамвай "Мяцеліца" вытворчасці "Штадлер Мінск" пройдзе выпрабаванні ў Маскве



ГУП "Масгартранс" правядзе тэхнічныя і эксплуатацыйныя выпрабаванні новага трохсекцыйнага трамвая "Мяцеліца", вырабленага ў Беларусі кампаніяй "Штадлер Мінск", паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Трамвай, які 20 лютага прыбыў у трамвайнае дэпо імя Баўмана, пройдзе праверку па ключавых параметрах бяспекі, надзейнасці і зручнасці для пасажыраў і вадзіцеляў.

"Мы падтрымліваем вытворцаў у іх імкненні рабіць сапраўды якасны рухомы склад, які адпавядаў бы патрэбам жыхароў Масквы, і з задавальненнем дапамагаем калегам з абкаткай доследных узораў", — заявіў генеральны дырэктар ГУП "Масгартранс" Яўген Міхайлаў.

Паводле яго слоў, выпрабаванні новага трамвая ў расійскай сталіцы працягнуцца амаль чатыры месяцы і ўключаць у сябе як эксплуатацыю без пасажыраў, так і працу на дзейных маршрутах. Пасля завяршэння тэставання маскоўскія спецыялісты дадуць заключэнне аб гатоўнасці новага трамвая да працы ва ўмовах мегаполіса.

Фелічэ Масара, дырэктар ЗАТ "Штадлер Мінск", падкрэсліў важнасць тэстаў трамвая для вытворцы: "Мы рады, што  маем магчымасць правесці выпрабаванні нашага новага трамвая сумесна з ГУП "Масгартранс" у гарадскіх умовах на вуліцах Масквы.

"Мяцеліца" была распрацаваная спецыяльна для рынку краін з шырокай каляінай, таму водгукі і рэкамендацыі ад патэнцыяльнага заказчыка асабліва каштоўныя для нас".

Як паведамляе вытворца, новы трохвагонны трамвай з нізкай падлогай вызначаецца большай пасажыраўмяшчальнасцю і падыходзіць да хуткасных пасажырскіх маршрутаў як у горадзе, так і на рэгіянальных лініях. Варыянт з адной кабінай для вадзіцеля ўмяшчае 70, а двухбаковы — 60 месцаў для сядзення, пры гэтым максімальная хуткасць, якую развіваюць абедзве мадыфікацыі, складае 75 км/гадз.

"Мяцеліца" абсталяваная сістэмай відэа- і аўдыяінфармавання пасажыраў, а таксама відэаназіраннем. Мадэль распрацоўвалася спецыяльна пад кліматычныя ўмовы мэтавага рынку — трамвай прыстасаваны пад дыяпазон тэмператур ад мінус 40 да плюс 40 градусаў і, як запэўніваюць распрацоўшчык, можа вытрымліваць суровыя ўмовы надвор`я.

Каркас кузава трамвая выраблены з нізкалегіраванай сталі і абшыты алюмініевымі панэлямі, што павялічвае яго тэрмін службы і аблягчае тэхнічнае абслугоўванне. Кожны з чатырох цягавых рухавікоў абсталяваны пераўтваральнікам на базе IGBT з паветраным ахалоджаннем. Канструкцыя кабіны вадзіцеля адпавядае патрабаванням па бяспецы стандарту EN 15227, што змяншае пашкоджанні ў выпадку сутыкнення. Цялежкі забяспечваюць плаўнасць ходу, а таксама абарону ад сыходу з рэек на чыгуначных пуцях нізкай якасці.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/17/29723
Текущая дата: 25.04.2024