У ААТ "140 рамонтны завод" у Барысаве завершаная доследна-канструктарская праца па мадэрнізацыі бронетранспарцёра БТР-70 да ўзроўню БТР-70МБ1.
Як паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Уладзімір Лаўранюк, рэалізацыя праекта праводзілася за кошт уласных сродкаў прадпрыемства. Замоўца — Міністэрства абароны.
Паводле слоў Лаўранюка, у выніку рэалізацыі выдадзенага тактыка-тэхнічнага задання ўдалося значна палепшыць хадавыя і ахоўныя характарыстыкі бронетранспарцёра, а таксама ўнесці шэраг змен у эрганоміку машыны. Змены не закранулі вежавага кулямётнага ўзбраення, яно засталося штатным.
Устаноўка праверанага часам вадамётнага рухавіка ад БТР-80 і больш магутнага сілавога агрэгата — 8-цыліндравага дызельнага рухавіка "КамАЗ-7403.10" з турбанаддувам магутнасцю 260 к. с. — запатрабавала змен у канструкцыі агрэгатаў трансмісіі, у тым ліку прымянення новай раздатачнай каробкі і прывадаў яе кіравання, а таксама дапрацоўкі корпуса машыны.
У выніку маса бронетранспарцёра павялічылася на паўтары тоны і склала прыблізна 13 т (БТР-70 важыць 11,5 т, БТР-80 — 13,6 т). Гэта ніяк не паўплывала на хадавыя якасці БТР-70МБ1, які падчас выпрабаванняў здолеў на шашы развіць хуткасць 92 км/гадз.
Сур`ёзныя змены закранулі кампаноўку забранаванай прасторы. Так, для забеспячэння камфортнага размяшчэння вайскоўцаў у дэсантным аддзяленні павялічаная яго вышыня на 14 см, а для зручнасці выхаду з машыны — пашыраныя праёмы бакавых люкаў з устаноўкай у іх двухстворкавых дзвярэй. Для вядзення ўстойлівай і надзейнай сувязі БТР-70МБ1 атрымаў айчынную лічбавую радыёстанцыю Р-181-50ТУ "Драфа". Яна забяспечвае перадачу маўленчай і лічбавай інфармацыі па памехаабароненым канале сувязі.
У мэтах маскіроўкі і прыкрыцця баявой машыны ад агню процітанкавых сродкаў мадэрнізаваны БТР абсталяваны шасцю ўстаноўкамі для пуску дымавых гранат калібру 81 мм, якія ўваходзяць у склад універсальнай сістэмы 902В "Туча-2", адстрэльваюць на далёкасць 200—300 м зарады з утварэннем суцэльнай дымавой заслоны памерам 50х28 м.
Дзяржаўныя выпрабаванні БТР-70МБ1 скончыліся ў лістападзе 2016 года.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 4 студзеня 2017
Мінск, 4 студзеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/17/38328
Текущая дата: 22.12.2024