Белорусский портал в Казахстане

Беларускі бярозавік у ЗША называюць гітам сэзону і прадаюць за $40



Замежная прэса прадракае сапраўднае «шаленства» вакол бярозавіку, які «лечыць захворваньні вантробаў, грып, галаўныя болі і нават пазбаўляе ад цэлюліту».

Бярозавы сок зь Беларусі карыстаецца вялікім посьпехам за мяжою, а ўпакоўка бярозавіку на інтэрнэт-пляцоўцы Amazon.com каштуе больш за сорак даляраў.

Замежныя гурманы на хвалі прагі да новых прадуктаў адкрываюць новыя смакі. У заходніх краінах яшчэ да нядаўняга часу была папулярная какосавая вада, пра яе перавагі і карысныя якасьці не стамляліся распавядаць кіназоркі і мадэлі. Але нават і на яе мода праходзіць — прынамсі, гэтак сьцьвярджаюць блогеры, журналісты і аглядальнікі, якія пішуць пра здаровы лад жыцьця.

Навінка сэзону

Брытанскі штодзёньнік Daily Mail  раіць і ўвогуле забыць пра какосавую ваду, бо «ў 2015-м усе будуць шалець па бярозавіку, які лечыць захворваньні вантробаў, грып, галаўныя болі і нават пазбаўляе ад цэлюліту».

У выданьні Huffington Post  бярозавы сок назвалі ключом да вырашэньня «праблемаў са здароўем і прыгажосьцю» і новым напоем году.

Днямі ў лёнданскай газэце London Evening Standard зьявіўся яшчэ адзін артыкул пра бярозавы сок, які называюць тут «найноўшым з «напояў, лепшых за ваду». Адзначаюць, што ён нарабіў немалога шуму сярод такіх фігур, як Гвінэт Пэлтроў. У артыкуле пішуць, што бярозавы сок заваёўвае паліцы Вялікабрытаніі, а брэнд Byarozavik зь Беларусі, які прадаецца на Amazon. com, называюць і ўвогуле адным з «найбуйнейшых брэндаў у ЗША» ў сваім сэгмэнце.

«Унікальны падарунак беларускай прыроды» — за $42

«Бярозавік» робяць на Менскім заводзе безалькагольных напояў. «Унікальны дар беларускай прыроды» — гэтак яго рэклямуюць вытворцы. Кіраўнік аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міхаіл Сінічэнкаў распавёў, што цяпер на беларускі бярозавы сок найбольшы попыт — з боку ЗША і Аўстрыі. Пра аб’ёмы паставак Сінічэнкаў казаць ня стаў, спаслаўшыся на камэрцыйную таямніцу. Але кажа, што на найбуйнейшай амэрыканскай інтэрнэт-пляцоўцы Amazon.com беларускі сок зьявіўся яшчэ два гады таму:

«У нас былі кантакты з амэрыканскай кампаніяй па іншых пытаньнях. І ў працэсе ўзаемадзеяньня зьявіўся інтарэс да нашай прадукцыі. То бок ідуць закупы на амэрыканскую кампанію, якая далей гэтым займаецца».

У ЗША і Аўстрыю сталічны завод экспартуе гэтак званы «арганік», то бок экалягічна чысты прадукт. Зацікаўленасьць з боку замежных краінаў на Менскім заводзе безалькагольных напояў тлумачаць попытам, які існуе на Захадзе на карыснае і здаровае харчаваньне. Менавіта такія прадукты набываюць папулярнасьць за мяжою.

«Наш бярозавы сок — гэта карысны прадукт, які для іх у нейкай ступені навінка. Ён набывае папулярнасьць, гэтаксама як калісьці какосавая вада. Гэта таксама напой, якога не было ў ЗША, але пасьля на яго зьявіўся вялікі попыт», — распавёў Міхаіл Сінічэнкаў.

Што жа да звычайнага, не «арганічнага» бярозавіку, то яго прадаюць у Беларусі ды экспартуюць у Расею. Нядаўна, як распавёў Сінічэнкаў, паставілі і ў Туркмэністан, дзе гэтаксама «ёсьць пэўны інтарэс» да беларускага соку.

«Бярозавік» на амэрыканскіх паліцах глядзіцца годна

«Апранулі» ж бярозавы сок у цяперашнія пакункі дызайнэры з брэндынгавага агенцтва ў Менску «Folio-Art». Валянцін Латушкін, які непасрэдна і распрацаваў дызайн, кажа, што ягонай мэтай было стварыць лёгкую і ляканічную ўпакоўку:

«Кліент адразу паставіў перад намі высокія задачы і плянкі і падышоў да гэтага на сур’ёзным узроўні. Ён правёў вялікую і канкрэтную працу, каб вывесьці прадукт на замежны рынак. Бярозавы сок і задумвалі, па вялікім рахунку, каб прадаваць яго туды, за мяжу. Бо там людзі цэняць апошнім часам усё экалягічнае».

Распрацаваць упакоўку, кажа Валянцін Латушкін, удалося за паўгода-год — з улікам падрыхтоўкі. Спачатку ў агенцтве прыдумалі цяперашнюю назву. Важна было адзначыць, што прадукт паходзіць зь Беларусі. А вось карэктуюць дызайн аж дагэтуль. Найбольш зьмянілася ўпакоўка, кажа Латушкін, калі сок трапіў на амэрыканскі рынак:

«Для іх літар — гэта шмат. Яны ня п’юць такімі аб’ёмамі. Таму мы перараблялі нашы літровыя бутэлькі на паўлітровыя. Усе цікавыя графічныя рашэньні — тыя ж рысачкі, быццам на ствале бярозы, якія пераходзяць у штрых-код, ці божая кароўка, — лепш глядзеліся на літровай бутэльцы. Але „Бярозавік“ і на амэрыканскіх паліцах выглядае годна і прыстойна».

Паводле Валянціна Латушкіна, посьпех прадукту залежыць нават не ад дызайну і ўпакоўкі, а перадусім ад беларускіх вытворцаў і той працы, якую яны ўкладваюць у прасоўваньне брэнду на замежны рынак.

Дызайн «Бярозавіку» ў 2011 годзе заняў першае месца ў катэгорыі «Этыкетка і ўпакоўка» на фэстывалі беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK.

Ганна Любакова, Менск
Радыё Свабода, 21 студзеня 2015


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/18/29133
Текущая дата: 19.11.2024