Белорусский портал в Казахстане

Іншаземец падазраецца ў крадзяжы прадукцыі МТЗ на суму ў 2,3 млн еўра



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МУС.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС усталявалі падазраванага ў крадзяжы 154 трактароў. Ім аказаўся кіраўнік замежнага гандлёвага дома ААТ «МТЗ» (доля ўласнасці беларускага прадпрыемства складае 51%), размешчанага ў адной з краін Еўрасаюза.

Вядома, што ў жніўні 2018 года мужчына, карыстаючыся службовымі паўнамоцтвамі, заключыў ад імя замежнай кампаніі кантракт на адгрузку мінскім заводам на адрас гандлёвага дома розных мадэляў трактарнай тэхнікі. Кіраўніком гарантаваліся своечасовая аплата і поўны разлік за набытую прадукцыю, продаж якой павінен быў ажыццяўляцца за межамі Беларусі.

Аднак замест дастаўкі і выгрузкі трактароў у паказаным пункце мужчына наўмысна перанакіраваў тавар на склад адной з літоўскіх кампаній, уласнікам якой з’яўляўся. У далейшым усю атрыманую такім чынам тэхніку ён прадаў трэцім асобам без пераводу аплаты на рахунку ААТ «МТЗ».

У цяперашні час генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у дачыненні да грамадзяніна Літвы распачата крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.

Звязда, 29 студзеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/2/58237
Текущая дата: 04.05.2024