Арбітражны суд Масквы зарэгістраваў 11 чэрвеня позву кампаніі «Данон Россия» да беларускага прадпрыемства «Савушкін прадукт».
З «Савушкіна» патрабуюць спагнаць 88,2 млн расейскіх рублёў (каля 1,365 млн даляраў) праз парушэньне аўтарскіх правоў на дызайн пакунку.
Расейскі бок сьцьвярджае, што беларусы ў 2018 годзе скапіявалі дызайн лінейкі малочных прадуктаў «Активиа» ў сваёй лінейцы «Аптыміль» і ніяк не адрэагавалі на лісты з Расеі з прэтэнзіямі.
Danone — міжнародная кампанія са штаб-кватэрай у Парыжы, заснаваная ў Барсэлёне 100 гадоў таму. «Данон Россия» – акцыянэрнае таварыства, дзе Danone мае каля 58% акцыяў. У Беларусі Danone мае заводы ў Шклове і Пружанах, дзе працуюць каля 500 чалавек.
«Савушкін прадукт» называюць найбуйнейшым вырабніком малочнай прадукцыі ў Беларусі, на прадпрыемствах працуе каля 6000 чалавек. «Савушкін» уваходзіць у групу кампаніяў «Санта Брэмар» Аляксандра Машэнкага, якога ў 2018 годзе называлі самым пасьпяховым і ўплывовым бізнэсоўцам Беларусі.
Радыё Свабода, 14 чэрвеня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-408/9/48378
Текущая дата: 23.12.2024