Белорусский портал в Казахстане

У Маскве прэзентаваны двухпавярховы электрацягнік, сабраны на беларуска-швейцарскім прадпрыемстве Stadler Minsk



Прэзентацыя першага маскоўскага двухпавярховага "Аэраэкспрэса", выпушчанага на сумесным беларуска-швейцарскім прадпрыемстве Stadler Minsk, адбылася 13 лістапада ў Маскве, у лакаматыўным дэпо імя Ільіча (Беларускі вакзал), паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў РФ.

У цырымоніі ўзялі ўдзел мэр Масквы Сяргей Сабянін, беларускі пасол Ігар Петрышэнка, генеральны дырэктар кампаніі Stadler Rail Group Петэр Шпулер, генеральны дырэктар кампаніі "Аэраэкспрэс" Аляксей Крываручка. 

У прывітальным слове Ігар Петрышэнка заявіў аб перспектывах развіцця супрацоўніцтва з кампаніяй Stadler Rail Group, выказаў удзячнасць яе кіраўніку Петэру Шпулеру за адказны падыход да інвестыцый у рэспубліку і запрасіў прысутных на адкрыццё завода "Штадлер Мінск" у Фаніпалі. 

Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, дыпламат сказаў пра перавагі беларуска-швейцарскага праекта па вытворчасці двухузроўневых цягнікоў, адзначыўшы прыцягальныя суадносіны цаны і якасці, высокія стандарты бяспекі і камфорту. 

"Тэхналогіі, інвестыцыі і аўтарытэт, з якімі нашы швейцарскія партнёры прыйшлі ў рэспубліку, дазволяць Беларусі паспяхова канкураваць у сферы вытворчасці чыгуначнай тэхнікі на прасторы стваранага намі Еўразійскага саюза", — падкрэсліў пасол. 

Мэр Масквы Сяргей Сабянін агледзеў састаў і зазначыў, што суперсучасны вагон "Аэраэкспрэса" ўяўляе сабой абсалютна новае пакаленне грамадскага транспарту і дасць магчымасць значна павялічыць колькасць пасажыраў. 

"Для нас гэта вельмі важны праект з прычыны таго, што толькі сёлета будзе перавезена прыблізна 18 млн. пасажыраў. Можаце сабе ўявіць, калі б гэтыя 18 млн. апынуліся на дарогах, якія вядуць у аэрапорты Масквы. Гэта быў бы поўны калапс", — сказаў мэр. 

Сабянін падкрэсліў, як важна забяспечыць масквічам магчымасць у разумныя тэрміны і згодна з графікам прыехаць да адпаведных авіярэйсаў у аэрапорты. "Я спадзяюся, што ў найбліжэйшыя тры-чатыры гады практычна ўвесь рухомы састаў "Аэраэкспрэса" будзе заменены на новы рухомы састаў", — зазначыў ён. 

Першы двухпавярховы "Аэраэкспрэс", які прыбыў у Маскву, мае назву "Аэраэкспрэс Еўразія". Цягнік спраектаваны спецыяльна пад асаблівыя расійскія кліматычныя ўмовы, якія могуць вар`явацца ад мінус 50 да плюс 40 градусаў. Наступным этапам для ажыццяўлення праекта стануць комплексныя эксперыментальныя выпрабаванні і працэдура сертыфікацыі на эксперыментальным кальцы ў Шчарбінцы. Пачатак камерцыйнай эксплуатацыі першага цягніка прызначаны на чэрвень 2015 года, а апошні з партыі — 25-ты — цягнік, як чакаецца, пачне перавозіць пасажыраў у чэрвені 2016 года.

Заводам кампаніі Stadler у Альтэнрэйне (Швейцарыя) будуць выпушчаныя чатыры цягнікі. Пусканаладачныя работы будуць ажыццяўляцца на беларуска-швейцарскім прадпрыемстве Stadler Minsk у Фаніпалі, пасля чаго яны будуць адпраўленыя ў Расію. Астатняя партыя (21 цягнік) будзе вырабленая ўжо ў Беларусі. Новыя саставы будуць прыбываць у Маскву з перыядычнасцю ў два-тры тыдні. Усяго кошт кантракта на пастаўку двухпавярховых цягнікоў складае 685 млн. еўра (з улікам ПДК і апцыёну на 54 вагоны). Кампанія закупляе 25 электрацягнікоў, з іх 16 — з чатырох вагонаў, дзевяць — з шасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-411/12/28205
Текущая дата: 27.12.2024