Белорусский портал в Казахстане

Пасол Польшчы Міхальскі: Для мяне гонар быць сярод людзей, якія разумеюць наша суседства, наша агульнае мінулае



У Мінску пачала працу міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя і гісторыка-культурныя сувязі", прысвечаная 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

"Для мяне сапраўдны гонар быць сярод людзей, якія любяць сваю мову, якія разумеюць наша суседства, наша агульнае мінулае і хочуць паглыбляць блізкасць паміж нашымі грамадствамі", — заявіў новы пасол Польшчы Артур Міхальскі 21 чэрвеня ў Мінску, адкрываючы міжнародную навуковую канферэнцыю "Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя і гісторыка-культурныя сувязі", прысвечаную 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

Міхальскі быў прызначаны паслом у Беларусі ў маі. 12 чэрвеня ён уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў краіны Уладзіміру Макею.

Як паведамляе прэс-служба пасольства, на канферэнцыі сабраліся выдатныя беларусісты, гісторыкі, мовазнаўцы з Польшчы і Беларусі. Адна з удзельніц — першы пасол Польшчы ў незалежнай Беларусі прафесар Эльжбета Смулкова. Урачыстае адкрыццё адбылося на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

"Герой сёлетняй канферэнцыі — Адам Міцкевіч, — сказаў намеснік дэкана філфака дацэнт Павел Навойчык. — Яго асоба асаблівым чынам аб`ядноўвае палякаў, беларусаў і літоўцаў. Выхаваны ў польскай культуры, Міцкевіч быў сапраўдным патрыётам Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, які адначасова з`яўляецца старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, падкрэсліў, што польска-беларускія навуковыя сувязі вельмі глыбокія, а ў асацыяцыю, якая дзейнічае на працягу 27 гадоў, уваходзіць шмат польскіх навукоўцаў.

Канферэнцыя працуе да 23 чэрвеня. Яе арганізатары — грамадскае аб`яднанне "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў", Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН, Польскі Інстытут у Мінску. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць амаль 50 айчынных і замежных навукоўцаў.

У першы дзень адбыўся круглы стол, прысвечаны польскім беларусістам Антаніне Абрэмбскай-Яблоньскай і Юзафу Абрэмбскаму. 22 чэрвеня ўдзельнікі наведаюць мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча (Завоссе, Навагрудак, возера Свіцязь).

БелаПАН
Мінск, 21 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/1/43912
Текущая дата: 26.04.2024