Белорусский портал в Казахстане

Спіс беларускіх чыноўнікаў, якія трапляюць пад санкцыі ЕС, можа быць зноў пашыраны



Пра гэта заявіў дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці Гунар Віганд 18 чэрвеня ў Бруселі.

Еўрасаюз можа зноў пашырыць спіс афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі.

"Вызваленне двух палітычных зняволеных (экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і яго даверанай асобы на выбарах Дзмітрыя Бандарэнкі. — БелаПАН.) не перавяло мяч на бок ЕС. Мяч застаецца ў Мінску. Мы, верагодна, можам пашырыць лік асоб, у дачыненні да якіх дзейнічае забарона на ўезд", — цытуе Віганда брусельскае выданне EUobserver.

Зараз больш як 240 прадстаўнікоў беларускай дзяржавы не маюць права ўязджаць у ЕС ці весці бізнес на агульным рынку. Забарона, у прыватнасці, тычыцца буйных бізнесменаў Уладзіміра Пефціева і Юрыя Чыжа, якія, паводле меркавання ЕС, фінансуюць беларускі рэжым.

EUobserver паведамляе, што ў спіс таксама можа быць уключаны кіраўнік СП ТАА "Санта-Імпекс Брэст" Аляксандр Машэнскі, "які адыграў важную ролю ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і лічыцца трэцім уплывовым алігархам пасля Пефціева і Чыжа".

Адзначаецца таксама, што ЕС увёў эмбарга на пастаўку ў Беларусь узбраенняў, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсій.

Віганд лічыць санкцыі эфектыўнымі. "Той факт, што мы працягваем аказваць націск на ўрад, мог спрыяць вызваленню некаторых з 23 палітзняволеных", — сказаў ён.

EUobserver між іншым адзначае: нягледзячы на крызіс у палітычных адносінах Мінска і Бруселя, гандаль паміж Беларуссю і краінамі ЕС у 2011 годзе вырас на 69%.

Варта заўважыць, што Віганд прыязджаў у Беларусь 8—10 лютага. Ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, праваабаронцамі, сваякамі палітзняволеных і прадстаўнікамі еўрапейскага дыпкорпуса.

У канцы лютага паміж Мінскам і Бруселем здарыўся дыпламатычны скандал, падставай для якога стала рашэнне Савета міністраў ЕС аб пашырэнні візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. У адказ на гэта беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕС і паслу Польшчы пакінуць Мінск. У знак салідарнасці з калегамі Беларусь тады пакінулі ўсе еўрапейскія паслы.

14 і 15 красавіка на падставе ўказаў кіраўніка дзяржавы аб памілаванні на волю выйшлі Андрэй Саннікаў і Дзмітрый Бандарэнка.

У канцы красавіка еўрапейскія паслы вярнуліся ў Мінск.

11—13 чэрвеня Мінск наведалі прадстаўнікі службы знешнепалітычнай дзейнасці ЕС Джон К`яер і Стэфан Трэсінг. Яны правялі перамовы з прадстаўніком МЗС, актывістамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Візіт адбыўся з ініцыятывы еўрапейскага боку. Паводле яго вынікаў еўрапейскія чыноўнікі павінны падрыхтаваць даклад аб сітуацыі ў Беларусі, які будзе пакладзены ў аснову рашэнняў Савета міністраў краін ЕС у дачыненні да краіны.

Нагадаем, вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных застаецца асноўным патрабаваннем ЕС, выкананне якога неабходна для адмены санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 19 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/100/14756
Текущая дата: 26.11.2024