Белорусский портал в Казахстане

29 сакавіка Эўрапарлямэнт плянуе прыняць рэзалюцыю па Беларусі



Падчас сэсіі 28–29 сакавіка ў Брусэлі Эўрапарлямэнт плянуе прагаласаваць за рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі. Гэтае пытаньне ўключана ў парадак дня пасяджэньня. Галасаваньне па рэзалюцыі намечана на 29 сакавіка.

15 сакавіка на прапанову баўгарскага дэпутата Крысьціяна Вігеніна Эўрапарлямэнт адклаў галасаваньне па праекце рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі на наступнае пасяджэньне.

У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ў Брусэлі эўрадэпутат ад Баўгарыі Крысьціян Вігенін сказаў: галоўнай прычынай пераносу галасаваньня па рэзалюцыі было тое, што ў Брусэлі атрымалі сыгналы зь Беларусі пра тое, што афіцыйны Менск гатовы на некаторыя пазытыўныя крокі. На думку Вігеніна, гэта можа быць вызваленьне палітвязьняў і запрашэньне паслам Эўразьвязу вярнуцца ў Менск.

У праекце рэзалюцыі па Беларусі гаворыцца, што Эўрапарлямэнт:

1. Працягвае рашуча асуджаць пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў, у спалучэньні з адсутнасьцю глыбокіх дэмакратычных і эканамічных рэформаў у Беларусі, і будзе далей выступаць супраць ціску на праціўнікаў рэжыму ў Менску;

2. Асуджае бесьперапынны перасьлед абаронцаў правоў чалавека і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, а таксама актывістаў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ ў Беларусі па палітычных матывах;

3. Патрабуе безумоўнага і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, нагадвае, што ня можа быць ніякага прагрэсу ў дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю без прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі; і пакуль ня будуць безумоўна вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітычныя вязьні, у тым ліку Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, два экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікола Статкевіч і Андрэй Саньнікаў, кіраўнікі прэзыдэнцкай кампаніі дэмакратычных кандыдатаў ад апазыцыі Павел Севярынец і Зьміцер Бандарэнка, а таксама Сяргей Каваленка, палітычны вязень, затрыманы па абвінавачваньні ў парушэньні хатняга арышту, які праводзіць доўгую галадоўку, якая прывяла да крытычнага пагаршэньня яго здароўя і непасрэдна пагражае яго жыцьцю.

Радыё Свабода
26 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/104/12975
Текущая дата: 26.11.2024