Белорусский портал в Казахстане

Беларусь разглядае магчымасць вяртання сваіх паслоў у Варшаву і Брусель



Пытанне аб вяртанні беларускага пасла Віктара Гайсёнка ў Варшаву і прадстаўніка Беларусі ў ЕС Андрэя Еўдачэнкі ў Брусель знаходзіцца ў стадыі разгляду, паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных 5 красавіка на брыфінгу ў Мінску.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пазіцыя МЗС адносна вяртання еўрапейскіх паслоў у Мінск была абнародавана раней. "Зараз мне няма чаго дабавіць да гэтага. Цалкам магчыма, што МЗС выкажацца адносна гэтага пазней", — сказаў Савіных.

Ён таксама не канкрэтызаваў, ці вядуцца кансультацыі паміж беларускім бокам і прадстаўнікамі еўрапейскай дыпламатыі па пытанні вяртання паслоў краін ЕС у Мінск.

Савіных падкрэсліў, што ён, як афіцыйны прадстаўнік МЗС, інфармуе СМІ толькі пра афіцыйную пазіцыю адносна таго ці іншага пытання. "Я не паведамляю пра чарнавую паўсядзённую працу міністэрства. Гэта немагчыма, гэтага не робіць ніводнае знешнепалітычнае ведамства ў свеце", — сцвярджае прэс-сакратар.

Ён таксама не стаў тлумачыць працэдуру вяртання дыпламатаў, адкліканых для кансультацый. "У цэлым міжнародныя адносіны — гэта не правілы дарожнага руху. Яны, вядома, базіруюцца на міжнародным праве, якое з`яўляецца дакладна распрацаванай сферай кантактаў і ўзаемадзеяння. Яны таксама базіруюцца на дыпламатычных традыцыях. Але ў кожным канкрэтным выпадку могуць быць розныя рашэнні", — падкрэсліў Савіных.

Як паведамлялася раней, ЕС, у сваю чаргу, разглядае магчымасць вяртання еўрапейскіх паслоў у Мінск пасля каталіцкага Вялікадня (ён адзначаецца 8 красавіка). Афіцыйны Брусель гэта пытанне не каментуе, але адзначае, што пазіцыя ўсіх краін ЕС у гэтым пытанні будзе адзіная.

Аднак пра тое, што паміж краінамі ЕС ёсць дамоўленасць аб сумесным вяртанні паслоў у Беларусь на наступным тыдні, БелаПАН пацвердзілі адразу некалькіх крыніц у еўрапейскіх дыпламатычных колах. У ЕС, патлумачылі яны, мяркуюць, што не варта зацыклівацца толькі на абмежавальных мерах у адносінах з Беларуссю. Апрача таго, пры наяўнасці ў Мінску паслоў у ЕС з`яўляецца больш каналаў інфармацыі і магчымасцяў весці перамовы з прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі, уплываць на сітуацыю.

Дыпламатычны канфлікт разгарэўся пасля лютаўскага рашэння ЕС аб пашырэнні санкцый у дачыненні да Беларусі. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Мора і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый". У адказ краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

23 сакавіка МЗС Беларусі заявіў: "Беларускі бок не бачыць неабходнасці ў прысутнасці на тэрыторыі Беларусі адкліканых паслоў дзяржаў", якія прагаласавалі за рашэнне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да прыватных асоб і прадпрыемстваў Беларусі.

Наступным днём прэс-сакратар Савіных удакладніў: паслы ЕС, якія пакінулі Мінск, не з`яўляюцца ў Беларусі персонамі нон грата, але іх вяртанне дачаснае. "Калі Еўрасаюз знойдзе шлях да канструктыўнага дыялогу, мы будзем гатовыя бачыць паслоў краін ЕС у Мінску, дзе яны змогуць заняцца сваімі прамымі дыпламатычнымі абавязкамі, а менавіта: працай па ўмацаванні добрасуседскіх адносін паміж нашымі краінамі", — заключыў прэс-сакратар.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 5 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/104/13287
Текущая дата: 26.11.2024