Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Беларусь будзе жорстка рэагаваць на санкцыі



Беларусь будзе жорстка рэагаваць на санкцыі, заявіў беларускі кіраўнік журналістам 4 сакавіка ў Раўбічах, дзе праходзіць спартыўнае свята "Мінская лыжня — 2012".

"Гэта абсалютная істэрыка, і, як вы бачыце, у авангардзе два тыпы палітыкаў або наогул два тыпы ад палітыкі: адзін жыве ў Варшаве, другі — у Берліне", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Ну, калі аднаму нашаму суседу карціць, зразумела. Я ж кажу, што там карты ўжо нарысаваны да Мінска, там ужо тэрыторыя Польшчы. Зразумела, трэба неяк гэтыя рысункі падтрымліваць, падмацоўваць, апраўдваць. Таму і ідуць такія заявы. Я толькі не ведаю, якое дачыненне гэтыя палітыкі маюць да польскага народа ці польскі народ да гэтых палітыкаў. Гэта наогул чужыя людзі для Польшчы. Ясна, чыю палітыку яны сёння праводзяць. Гэтыя людзі — не палякі, яны чужыя польскаму народу", — упэўнены Лукашэнка.

"Што тычыцца другога, ці то ружовага, ці то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў... Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чым блакітным. Але гасподзь з ім, пытанне ў іншым — мы ўсе памятаем сярэдзіну мінулага стагоддзя, і што свет атрымаў ад іх дыктатуры. Наш народ яшчэ не апамятаўся дагэтуль. Таму не ім нас папракаць наконт нейкай дыктатуры. Я на гэту тэму наогул разважаць не хачу", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Мяне ў свой час здзівіла, наколькі кіраўнікі ў Германіі (10—15 гадоў таму) трапятліва ставяцца да людзей, якія пацярпелі ў гады Другой сусветнай вайны. Усе кланяюцца, на калені становяцца, кветкі загінулым нясуць. Намі страчана трэць свайго насельніцтва. Дык вы з намі яшчэ за гэта не разлічыліся. Што вы нас нахіляеце пастаянна? І я сёння зразумеў, што ўсё гэта было гульнёй з боку палітыкаў Германіі. Калі б гэта была не гульня, яны б цанілі нас за тое, што мы не толькі свет выратавалі ад карычневай чумы, але і насельніцтва Германіі. Гэта мяне больш за ўсё непакоіць: як жа так хутка можна было забыць усё гэта?" — абурыўся Лукашэнка.

Кажучы аб прадстаўніках Беларусі, якія трапілі пад санкцыі ЕС, ён заявіў: "Яны пачалі націск на суддзяў, і гэта не выпадкова. Гэта сігнал суддзям: глядзіце, будзеце не так судзіць, як хочуць у Бруселі ці Вашынгтоне, значыць, мы вам візу не дадзім. Але суддзя залежны толькі ад аднаго — артыкула закона, ён не мае права на іншае. За што ж судзіць суддзю?"

"Або трапілі там два міліцыянеры, — прадоўжыў Лукашэнка. — Гэта таксама сігнал: глядзіце, будзеце змагацца за стабільнасць Беларусі, будзеце гэту "пятую калону" ў прытомнасць прыводзіць, мы вам таксама візу не дадзім".

"Гэта ўсё сігналы ў адным кірунку. Ім карціць разбурыць нашу стабільнасць і знішчыць нашу дзяржаву, зрабіць яе падручнай ва ўсіх адносінах", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

"Мы ім гэта дазволіць не можам. Таму мы будзем (я іх папярэдзіў загадзя) вельмі жорстка рэагаваць на іх гэтак званыя санкцыйныя захады. Што мы, дарэчы, і робім. Так бы зрабіла любая іншая дзяржава. Мы нікому жыць не перашкаджаем і перашкаджаць не будзем, але прымусім сябе паважаць", — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, 27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. Гэта стала прычынай дыпламатычнага скандалу паміж Мінскам і Бруселем.

28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці да свайго кіраўніцтва цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый".

У адказ ЕС і ўсе яго краіны адклікалі сваіх паслоў з Мінска. Большасць еўрапейскіх дыпламатаў выехалі з Беларусі 29 лютага.

2 сакавіка на саміце ў Бруселі лідары краін Еўрасаюза віталі рашэнне Савета ЕС пашырыць спіс асоб, якія трапляюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі, за кошт тых, хто адказны за парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама "падтрымлівае або з`яўляецца бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі". Удзельнікі саміта заклікалі Савет ЕС прыняць "далейшыя меры" ў дачыненні да Беларусі.

У той жа дзень прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў: калі паслы краін ЕС завяршылі кансультацыі ў сваіх краінах, яны могуць вярнуцца ў Беларусь, а тыя, хто сабраўся пакінуць краіну, не абавязаны ад`язджаць. Паводле слоў Савіных, Беларусь не мае намеру адклікаць сваіх паслоў з краін ЕС, паколькі "нацэлена на ўрэгуляванне сітуацыі".

БелаПАН, 4 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/105/12622
Текущая дата: 26.11.2024