Белорусский портал в Казахстане

Беларусы будуюць шчасце на сваёй зямлі



МЗС Беларусі не бачыць неабходнасці каментаваць заяву Пуціна.

Міністэрства замежных спраў Беларусі не бачыць неабходнасці каментаваць учарашнюю заяву Уладзіміра Пуціна, заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

Нагадаем, выступаючы 1 жніўня ў Цвярской вобласці на маладзёжным форуме "Селігер-2011", прэм`ер-міністр Расіі заявіў, што Аляксандр Лукашэнка паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расіяй. На пытанне, ці могуць Расія і Беларусь стаць адным цэлым, як гэта было ў часы Савецкага Саюза, Пуцін адказаў: "Гэта магчыма, вельмі пажадана і поўнасцю залежыць — на 100% залежыць — ад волевыяўлення беларускага народа".

Ён зазначыў, што ў Беларусі ёсць розныя падыходы да інтэграцыйных працэсаў і важна, каб голас у абарону інтэграцыі быў пачуты. "Але пры ўсіх цяжкасцях, якія ўзнікаюць час ад часу, скажам, у сферы эканомікі, у энергетыцы, з газам мы спрачаемся, трэба аддаць належнае сённяшняму кіраўніцтву рэспублікі і Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, які паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расіяй", — падкрэсліў Пуцін.

"МЗС не бачыць неабходнасці каментаваць гэтую заяву. Варта зазначыць, што прэм`ер-міністр Расіі падкрэсліў, што гэтае пытанне на 100% залежыць ад волевыяўлення беларускага народа", — сказаў прэс-сакратар беларускага МЗС.

Пытанне аб суверэнітэце Беларусі ўзнімалася 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі беларускім СМІ. Тады беларускі кіраўнік заявіў, што большасць насельніцтва "не хоча быць ні ў складзе Расіі, ні ў Еўрасаюзе на прынцыпе краін Балтыі". "І я гэтага не хачу, — падкрэсліў Лукашэнка. — Я хачу, каб мы сваё шчасце знайшлі тут. Такая палітыка і такая незалежнасць дарагога каштуе. <…> Калі я кажу будаваць шчасце на сваёй зямлі — большасць грамадства гэта падтрымлівае".

Паводле слоў Лукашэнкі, Расія ставіць умовы ўвайсці ў яе склад, калі Беларусь хоча цану на газ, як у Смаленскай вобласці. "Напэўна, яны маюць рацыю. Але мы будзем плаціць 250 долараў за тысячу кубоў. Можна так, а можна так. Мы выбралі такі шлях. Вы хочаце ісці іншым — ідзіце, але без мяне", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/113/8320
Текущая дата: 18.05.2024