Белорусский портал в Казахстане

Праціўнікаў беларускага рэжыму, якія жывуць у Літве, заклікаюць адчуваць сябе ў бяспецы



Праціўнікі беларускага рэжыму, якія жывуць у Літве, могуць адчуваць сябе ў бяспецы, заявіў журналістам 9 жніўня кіраўнік камітэта па міжнародных адносінах літоўскага сейма Эмануэліс Зінгерыс.

Дэпутат таксама гарантаваў, што саюзнікі могуць упэўнена праз Вільнюс ажыццяўляць фінансаванне беларускіх апазіцыйных сіл. "Мы падтрымліваем апазіцыянераў, якія жывуць у Літве, умацуем фінансаванне і будзем аказваць палітычную падтрымку", — цытуе Зінгерыса інфармацыйны партал Delfi.

Заява была зроблена пасля экстраннага трохгадзіннага пасяджэння міжнароднага камітэта, на якім абмяркоўваўся скандал з выдачай Мінюстам Літвы ўладам Беларусі інфармацыі аб банкаўскіх рахунках беларускіх апазіцыянераў, у выніку чаго ў Мінску арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы аб тым, што гэты інцыдэнт з`яўляецца адзінкавым выпадкам, прычына якога — недастатковая каардынацыя дзеянняў розных ведамстваў Літвы.

У выніковай рэзалюцыі прапанавана стварыць міжведамасную рабочую групу для расследавання інцыдэнту з рахункамі беларускіх праваабаронцаў і недапушчэння падобнага ў будучыні.

У дакуменце таксама выказана падтрымка беларускім дэмакратычным сілам. Інцыдэнт з банкаўскімі рахункамі не зменіць такую пазіцыю літоўскай дзяржавы, гаворыцца ў рэзалюцыі.

"Камітэт па замежных справах выказвае глыбокую заклапочанасць, шкадаванне і прабачэнні ў сувязі з гэтымі падзеямі", — заявіў журналістам Зінгерыс.

БелаПАН
Мінск, 10 жніўня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/113/8508
Текущая дата: 18.05.2024