Белорусский портал в Казахстане

Улады Кыргызстана маюць намер накіраваць у Беларусь новы запыт аб выдачы экс-прэзідэнта Бакіева



Улады Кыргызстана маюць намер накіраваць у Беларусь новы запыт аб выдачы былога прэзідэнта Курманбека Бакіева ў сувязі з расследаваннем справы аб забойстве экс-кіраўніка апарату прэзідэнта Медэта Садыркулава.

Пра гэта, як паведамляе кіргізская служба "Радыё Свабода", заявіў 16 верасня на прэс-канферэнцыі ў Бішкеку намеснік міністра ўнутраных спраў Меліс Турганбаеў.

Садыркулаў загінуў у сакавіку 2009 года праз некалькі дзён пасля сваёй гучнай адстаўкі. Пазадарожнік, на якім ён вяртаўся з Алматы, быў знойдзены поўнасцю спаленым на горнай дарозе пад Бішкекам. У машыне знаходзіліся таксама целы экс-дырэктара Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргея Слепчанкі і вадзіцеля. Усе тры трупы знаходзіліся на заднім сядзенні аўтамабіля. Следства і суд прыйшлі да высновы, што палітык і яго сябры загінулі ў выніку ДТЗ. Вінаватым у ДТЗ быў прызнаны беспрацоўны Амурбек Асмонаў, які быў прыгавораны да 12 гадоў калоніі-пасялення. Адразу пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане ў красавіку 2010 года Асмонаў быў знойдзены забітым.

На гэтым тыдні, зазначае "Радыё Свабода", было абвешчана, што Садыркулаў загінуў у выніку забойства, замоўцам якога выступіў брат Курманбека Бакіева — Жаныш Бакіеў.

Курманбек Бакіеў, скінуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў выніку народных хваляванняў 19 красавіка 2010 года, прыбыў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі. Як лічаць, ён дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі.

У сябе на радзіме Бакіеў абвінавачваецца ў службовых злачынствах і саўдзеле ў масавых забойствах. Улады Кыргызстана двойчы звярталіся ў Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева і двойчы ім адмаўлялі. У Мінску заявілі, што не знаходзяць прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы.

У Мінску Бакіеў правёў некалькі прэс-канферэнцый, падчас якіх заявіў пра сваю невінаватасць, выказаў удзячнасць Лукашэнку за дапамогу і падкрэсліў, што пакуль не мае намеру вяртацца ў Кыргызстан.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 16 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/114/9280
Текущая дата: 25.11.2024