Белорусский портал в Казахстане

Два беларускія ваенныя аташэ высланы з Украіны за шпіянаж, сцвярджае кіеўскі штотыднёвік "Зеркало недели"



Аўтарытэтны ўкраінскі штотыднёвік "Зеркало недели" ў чарговым нумары прадоўжыў расследаванне дыпламатычнага скандала паміж Мінскам і Кіевам.

Як паведамлялася раней, паводле інфармацыі крыніцаў выдання ў Кабінеце міністраў Украіны, у чэрвені адбылася высылка двух супрацоўнікаў пасольства Украіны ў Беларусі — аташэ па пытаннях абароны і ваеннага аташэ. У адказ Украіна выслала ваеннага аташэ Беларусі Андрэя Каюка.

Згодна з адной з версій, высылкай дыпламатаў Мінск адрэагаваў на адказ прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча на абвінавачанні Аляксандра Лукашэнкі ў "вашывасці". Украінскі прэзідэнт вырашыў перадаць адказ праз прэм`ера Мікалая Азарава, які 19 мая знаходзіўся ў Мінску. "Сутнасць адказу невядомая. Але ён выклікаў негатыўную рэакцыю беларускага прэзідэнта і прывёў да высылкі ўкраінскіх дыпламатаў", — паведамляе выданне, зазначаючы, што "на факце высылкі ваенных дыпламатаў не акцэнтавалі ўвагу ні беларускі, ні ўкраінскі бакі".

Рэзкія выказванні ў адрас кіраўніцтва Украіны і ЕС Лукашэнка зрабіў 26 красавіка падчас наведвання Нароўлі (Гомельская вобласць). У прыватнасці, на пытанне, чаму ён не прысутнічаў ва Украіне на мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка параіў звярнуцца па адказ да Віктара Януковіча: "Вы задайце гэтае пытанне Януковічу — чаму беларускі прэзідэнт не прысутнічае на іх мерапрыемствах. — Гэта вы ў іх спытайце. На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны. Напрошвацца я ні да каго не збіраюся. І быць нейкім падпявалам я таксама не збіраюся ні ў аднаго прэзідэнта, ні ў другога".

Афіцыйныя асобы скандал практычна не каментуюць, а беларускі бок адмаўляе факт высылкі Каюка.

Паводле інфармацыі "Зеркала недели", прычына высылкі ўкраінскіх дыпламатаў "больш празрыстая, але не менш скандальная". "На працягу апошніх чатырох месяцаў з Украіны за шпіянаж былі высланыя два ваенныя аташэ Рэспублікі Беларусь. Характэрна, што паміж спецслужбамі краін СНД існуе дамоўленасць не весці разведвальную дзейнасць адзін супраць другога. Але Мінск (зрэшты, як і Масква) не прытрымліваецца гэтага пагаднення. Напрыклад, карыстаючыся тым, што асобныя несвядомыя ўкраінскія грамадзяне часта правозілі цераз украінска-беларускую мяжу незадэклараваныя блокі цыгарэт, беларусы актыўна вербавалі ўкраінцаў. Адносна гэтага ўкраінскае МЗС не раз безвынікова перадаваў ноты беларускаму боку", — піша выданне.

"Пасля рашэння Кіева мела  месца рэакцыя беларускіх уладаў у адказ: з Мінска былі высланы два ўкраінскія ваенныя дыпламаты — аташэ па пытаннях абароны і ваенны аташэ, — паведамляе штотыднёвік. — У свеце дыпламатыі дзейнічае прынцып узаемнасці. Але беларусы выйшлі за межы правілаў, прынятых у цывілізаваным свеце. Мінску падалося мала абвясціць непажаданымі персонамі ўкраінскіх ваенных дыпламатаў. Беларускай контрразведкай быў разыграны "спектакль", які павінен быў дыскрэдытаваць украінскіх афіцэраў. І ў канцы мая апошні супрацоўнік ваеннага аташэ пасольства Украіны быў вымушаны на працягу 24 гадзін пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь".

На думкую газеты, мяркуючы па паводзінах Мінска і Кіева, нягледзячы на дзеянні беларускай контрразведкі, шпіёнская гісторыя не будзе мець сур`ёзных наступстваў. "Бакі, нягледзячы на існуючыя праблемы, не хочуць узмацняць канфлікт. Бо публічныя шпіёнскія скандалы не праходзяць бясследна для двухбаковых адносінаў… Кіеў і Мінск хочуць захаваць магчымасць дыялогу. Для бакоў ён уяўляецца тым больш важным, калі ўлічыць цяжкую сітуацыю, у якой апынулася Беларусь і тое, што ад новага ўкраінска-беларускага канфлікту выйграе толькі Крэмль", — мяркуе выданне.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 16 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/117/8003
Текущая дата: 25.11.2024