Белорусский портал в Казахстане

Расія адрэагавала на вынесеныя ў Мінску прыгаворы фігурантам справы аб масавых беспарадках



Прыгаворы, вынесеныя фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня, "не могуць не выклікаць пытанняў". З такой заявай выступіў 16 мая афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Лукашэвіч.

"Апошнім часам судовымі органамі Беларусі быў вынесены шэраг жорсткіх прыгавораў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстнай акцыі, што адбылася ў Мінску 19 снежня 2010 года, у тым ліку да экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава. Сваю ацэнку дзеянням беларускіх уладаў мы ўжо не раз давалі на ўзроўні кіраўніцтва краіны. У сувязі з гэтым вынесеныя прыгаворы не могуць не выклікаць пытанняў", — сказаў Лукашэвіч.

МЗС Расіі, падкрэсліў ён, заклікае "беларускі бок больш адказна ставіцца да выканання прынятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у сферы правоў і свабод чалавека".

Каментуючы гэтую заяву, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў БелаПАН: "Беларускі бок прыняў да ведама заявы нашых расійскіх калег".

Прыгавор Андрэю Саннікаву быў абвешчаны 14 мая — былы кандыдат у прэзідэнты асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

16 мая жонка Саннікава журналістка расійскай "Новой газеты" Ірына Халіп прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Разам з ёю асуджаны Павел Севярынец, кіраўнік штаба Віталя Рымашэўскага (тры гады абмежавання волі з накіроўваннем ва ўстанову адкрытага тыпу), і Сяргей Марцалеў, кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча (два гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады).

У сакавіку ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі асуджаны грамадзяне Расіі Арцём Брэус і Іван Гапонаў — іх пакаралі штрафамі ў памеры 300 базавых велічыняў.

Усяго па гэтай справе сёння вынесены абвінаваўчыя прыгаворы 28 фігурантам.

У судах працягваюцца працэсы над астатнімі абвінавачванымі, сярод якіх чатыры экс-кандыдаты ў прэзідэнты.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 16 мая 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/118/6516
Текущая дата: 19.05.2024