Белорусский портал в Казахстане

МЗС Расіі занепакоена прымяненнем сілы "ў адносінах да мірных дэманстрантаў" у Беларусі



У Маскве занепакоены апошнімі дзеяннямі праваахоўных органаў Беларусі па затрыманні дэманстрантаў і журналістаў, у тым ліку з Расіі, заявіў на брыфінгу 7 ліпеня афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў РФ Аляксандр Лукашэвіч.

"Сам факт прымянення такіх захадаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў выклікае занепакоенасць. Разлічваем, што беларускае кіраўніцтва будзе ў поўнай меры выконваць вядомыя міжнародныя нормы ў галіне правоў і асноўных свабод", — прыводзіць словы Лукашэвіча РІА Новости.

Ён нагадаў, што раней у Маскве не раз выказвалі занепакоенасць такімі дзеяннямі беларускіх улад.

"Ахвярамі іх [дзеянняў] робяцца вельмі часта, і ў апошнія дні асабліва, расійскія журналісты. Праўда, іх адпускаюць", — зазначыў Лукашэвіч.

Паводле звестак праваабаронцаў, увечары 6 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі было затрымана прыкладна 400 чалавек. Усяго за час правядзення акцый, арганізаваных групай "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", якія праходзяць у Беларусі з 8 чэрвеня, было затрымана каля 1.730 чалавек. Сёння над затрыманымі праходзяць суды.

БелаПАН
Мінск, 7 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/118/7758
Текущая дата: 25.11.2024