Першы намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік 20-21 верасня з візітам наведаў Манголію, паведамілі ў прэс-службе МЗС.
У час візіту абмяркоўвалася сустрэча з міністрам развіцця дарог і транспарту Манголіі Сандагійнам Бямбацогтам. Былі абмеркаваны актуальны стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў транспартнай сферы, а таксама пытанні ўзаемадзеяння ў рамках сумеснай беларуска-мангольскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
На сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці Манголіі Хаянгаагінійнам Балорчулуунам былі разгледжаны сумесныя праекты Беларусі і Манголіі ў галіне сельскай гаспадаркі.
У ходзе сустрэчы Сяргея Алейніка са спікерам Вялікага дзяржаўнага хурала Манголіі Гамбаджавынам Занданшаатарам адбыўся абмен думкамі па шырокім спектры пытанняў. Асаблівая ўвага ўдзелена актывізацыі ўзаемадзеяння паміж заканадаўчымі органамі дзвюх краін.
Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі 21 верасня прыняў таксама ўдзел у пятым раўндзе беларуска-мангольскіх палітычных кансультацый. Мангольскі бок узначальваў намеснік міністра замежных спраў Батсумбэрыйн Мунхджын.
Бакі абмеркавалі стан беларуска-мангольскага супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай сферах. Яны абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, рэгіянальнай тэматыцы, разгледзелі пытанні ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях.
У ходзе візіту былі таксама праведзены сустрэчы з прадстаўнікамі мангольскіх дзелавых колаў, зацікаўленых у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю, прадстаўнікамі беларускіх прадпрыемстваў, што ўдзельнічаюць у нацыянальнай экспазіцыі на мангольскай міжнароднай выстаўцы «Улаанбаатар Партнёршып».
Звязда, 21 верасня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/12/66563
Текущая дата: 19.11.2024