Белорусский портал в Казахстане

ЗША і ЭЗ абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць Беларусі



Злучаныя Штаты і Эўразьвяз разглядаюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта заявіў у сераду намесьнік дзяржсакратара ЗША у пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан.

"З-за пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі і турэмнага зьняволеньня экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава мы абмяркоўваем з ЭЗ магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцыяў у дачыненьні да гэтай краіны", – паведаміў Гордан на паседжаньні Сэнату ЗША, прысьвечаным абмеркаваньню амэрыканскіх прыярытэтаў у Эўропе.

Ён дадаў, што Вашынгтон лічыць судовыя працэсы ў Беларусі аб масавых беспарадках палітычна матываванымі і заявіў, што паляпшэньне дачыненьняў з афіцыйным Менскам – немагчымае "ў кантэксьце рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі і незалежных СМІ".

"І мы, і Эўропа хочам лепшых, больш прадуктыўных дачыненьняў зь Беларусьсю. На жаль, кіраўніцтва гэтай краіны праводзіць палітыку, якая толькі ізалюе Беларусь і яе народ", – падкрэсьліў прадстаўнік Дзярждэпу.

Радыё Свабода
19 траўня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/121/6578
Текущая дата: 25.11.2024