Белорусский портал в Казахстане

Амбасада Японіі беларусам: усім дзякуй за прапанову дапамогі



Амбасада Японіі ў пасланьні да Радыё Свабода выказвае падзяку ўсім жыхарам Беларусі за прапановы дапамогі.

Беларуская «Свабода» зьвярнулася да часовага паверанага ў справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь спадара Кіёсі Мацудзакі з просьбай узяць удзел у онлайн-канфэрэнцыі з наведнікамі сайту «Свабоды». На жаль, спадар Мацудзакі ня здолеў узяць удзел у онлайн-канфэрэнцыі з-за сваёй занятасьці. Але ён накіраваў пасланьне, у якім апісаў сытуацыю, якая склалася ў Японіі пасьля землятрусу.

Падаем тэкст гэтага пасланьня:

«1. У сувязі са шкодай, якая была нанесеная нашай краіне магутным землятрусам, мы атрымліваем прапановы дапамогі пацярпелым Японіі ад ураду Беларусі і паасобных людзей. Урад Японіі, а таксама Амбасада Японіі ў Рэспубліцы Беларусь выказваюць глыбокую ўдзячнасьць за цёплую спагаду.

2. Землятрус магнітудай 9 — адзін з самых вялікіх па ступені цяжару ў гісторыі Японіі, а раёны, пацярпелыя ад цунамі, якое абрынулася на ўзьбярэжжа Ціхага акіяну, займаюць вялізную тэрыторыю — больш чым 500 км на поўдзень і поўнач.

3. У шмат якіх месцах сапсаваныя дарогі, разбураныя некалькі сотняў мастоў. На дадатак з-за таго, што на шмат якія порты абрынулася цунамі, партовае абсталяваньне было зьнішчана. З гэтай прычыны на пацярпелых тэрыторыях паўсюль перакрыты рух, перапыненая тэлефонная сувязь і іншыя сродкі камунікацыі. У выніку мноства населеных пунктаў ізаляваныя, чакаецца дапамогу звонку, аднак аўтамабільныя, чыгуначныя і марскія зносіны парушаныя, і пры транспартаваньні рэчаў узьнікаюць значныя праблемы.

4. Паводле ацэнак, колькасьць загінулых перавысіла 10 тысяч чалавек, аднак амаль кожны дзень здараюцца моцныя штуршкі, існуе пагроза цунамі, набліжацца да некаторых пацярпелых тэрыторыяў складана і да таго ж небясьпечна, ратаўнічыя каманды нават ня маюць магчымасьці бясьпечна ажыцьцяўляць працу па выяўленьні целаў загінулых.

5. Цяпер японскі ўрад прыкладае ўсе намаганьні для выратаваньня пацярпелых і выяўленьня целаў загінулых. Аднак, як я ўжо згадваў вышэй, гуманітарную дапамогу ў шмат якія з пацярпелых раёнаў даставіць немагчыма.

Таму японскі ўрад перастаў прымаць гуманітарную дапамогу ўнутры Японіі і з-за мяжы, а прымае толькі грашовую дапамогу праз ахвяраваньні ў Таварыства Чырвонага Крыжа. Таму я спадзяюся, што людзі, якія хочуць перадаць Японіі дапамогу добраахвотна, абавязкова мяне зразумеюць.

6. Што тычыцца сытуацыі на атамнай электрастанцыі, то цяпер робяцца сур’ёзныя захады дзеля таго, каб не дапусьціць такога неспрыяльнага разьвіцьця падзей, як разбурэньне атамнага рэактара.

7. На заканчэньне хацелася б сказаць, што Амбасада Японіі ў Рэспубліцы Беларусь ад усяго сэрца дзякуе жыхарам Беларусі за прапановы дапамогі».

Віталь Цыганкоў
Радыё Свабода
16.03.2011




Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/126/5195
Текущая дата: 25.11.2024