Белорусский портал в Казахстане

Браніслаў Камароўскі: Польшчы варта падтрымліваць апазіцыю ў Беларусі



Польшчы варта падтрымліваць беларускую апазіцыю, але "нічога за беларусаў зрабіць нельга", заявіў польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі.

У інтэрв`ю Польскаму радыё 6 лютага ён адзначыў, што Польшча робіць для беларускай апазіцыі больш, чым якая-небудзь з краін Еўрасаюза. Разам з тым, паводле слоў Камароўскага, "нічога зрабіць за беларусаў нельга, павінна паспець сітуацыя ў Беларусі, павінны паспець і эліты".

Прэзідэнт выказаў нязгоду з папрокам з боку кіраўніцтва польскай нацыянал-кансерватыўнай партыі "Права і справядлівасць", якое мяркуе, што ўсходняя палітыка Польшчы пацярпела паражэнне ў Беларусі.

Камароўскі адзначыў, што знешняя палітыка павінна быць гнуткай. Паводле яго слоў, Польшча ўвесь час спрабуе штосьці рабіць, спадзеючыся, што гнуткасць будзе праяўлена і іншым бокам.

На тэрыторыі Беларусі жывуць тысячы палякаў, і палітыка пад лозунгам "не спрабуем, толькі вядзём перамовы" была б для іх знішчальнай, заявіў прэзідэнт. Гэты аргумент, паводле меркавання Камароўскага, можа пераканаць палітыкаў "Права і справядлівасці" ў неабходнасці спрабаваць штосьці змяніць на ўсходзе ад Польшчы.

Камароўскі таксама сказаў, што адсутнасць добрай праграмы ўсходняй палітыкі з`яўляецца слабасцю Еўропы. Ён паведаміў, што імкнецца падкрэсліваць важнасць гэтага кірунку палітыкі ў гутарках з прадстаўнікамі заходніх суседзяў Польшчы — такіх, як Германія і Францыя.

Як паведамлялася раней, 2 лютага ў Варшаве адбылася канферэнцыя "Салідарнасць з Беларуссю". Яе мэта — прэзентацыя прапаноў Польшчы, ЕС і ЗША па падтрымцы дэмакратычнага руху Беларусі. Выступаючы на канферэнцыі, польскі міністр замежных спраў Радослаў Сікорскі заклікаў беларускую апазіцыю чэрпаць натхненне ў дзейнасці польскага руху "Салідарнасць", які зверг камунізм у Польшчы ў 1989 годзе, і прадказаў Аляксандру Лукашэнку ўцёкі з уласнай краіны.

Пасля снежаньскіх падзей у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваіх публічных выступленнях неаднаразова абвінавачваў Польшчу, а таксама Германію ў спробе дзяржаўнага перавароту і звяржэння канстытуцыйнага ладу ў Беларусі.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2011





Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/127/4297
Текущая дата: 18.05.2024