Белорусский портал в Казахстане

Атунбаева: Бакіеў застаецца ў Беларусі



Экс-прэзыдэнт Курманбек Бакіеў да гэтага часу знаходзіцца ў Беларусі, паведаміла прэзыдэнт Кыргызстана Роза Атунбаева ў інтэрвію тэлеканалу Еuronews.

"Ён жыве цяпер у Беларусі, ён атрымаў там як бы прытулак, – сказала Атунбаева.– Мы дамагаемся экстрадыцыі ягонага сына, які жыве ў Лёндане, экстрадыцыі ягоных братоў, і асабліва аднаго зь іх, які ўзначальваў Службу бясьпекі. Гэта той чалавек, які датычны да ўсіх зьверстваў у нашай краіне".

Паводле словаў Атунбаевай, ад шэрагу краін Кыргызстан не атрымлівае адказаў на запыты.

"І мы нават ведаем, што некаторыя прыхільнікі і блізкія памагатыя Бакіева, у сілу таго, што яны ўклалі даволі вялікія капіталы ў іншыя краіны (а гэта ўсё скрадзеныя грошы), атрымліваюць і статус уцекача, і нават грамадзянства",– дадала Атунбаева.

У адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі заяву Атунбаевай БелаПАН камэнтаваць адмовіліся.

Зрынуты прэзыдэнт Кыргызстана з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года па запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі.

Новыя ўлады Кыргызстана двойчы зьвярталіся ў Генэральную пракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева і двойчы атрымалі адмову. Беларускі бок заявіў, што прававых падставаў для задавальненьня просьбы аб выдачы Бакіева няма.

Прадстаўнікі МУС Беларусі адмовіліся паведаміць, ці зьвяртаўся Бакіеў з просьбай аб атрыманьні статусу ўцекача, спасылаючыся на тое, што беларуская Канстытуцыя гарантуе неразгалошваньне зьвестак аб асобах, якія шукаюць прыстанішча або часовай абароны.

У чэрвені мінулага года Бакіеў правёў у Менску дзьве прэсавыя канфэрэнцыі, а ў кастрычніку паведаміў па тэлефоне карэспандэнту кіргіскай службы "Радыё Свабода", што па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

У сябе на радзіме Бакіеў абвінавачваецца ў службовых злачынствах і саўдзеле ў масавых забойствах.

Радыё Свабода
9 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/127/4941
Текущая дата: 25.11.2024