Белорусский портал в Казахстане

Група дэпутатаў ПАСЕ патрабуе правядзення ў Беларусі новых выбараў



Група дэпутатаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы заклікае ўсіх членаў СЕ запатрабаваць ад беларускіх улад правядзення новых выбараў прэзідэнта. З такой заявай выступіў 21 дэпутат ПАСЕ.

Тэкст дакумента размешчаны на сайце ПАСЕ.

Падпісанты асуджаюць фальсіфікацыю выбараў, арышты пасля іх, і ўсе іншыя "прыкметы недастатковай павагі правоў чалавека беларускімі ўладамі".

Дэпутаты ПАСЕ заклікаюць усіх членаў Савета Еўропы асудзіць гвалт у Беларусі, не прызнаваць вынікаў выбараў і запатрабаваць новых выбараў.

Аўтары заявы таксама заклікаюць перагледзець двухбаковыя адносіны з афіцыйным Мінскам. Яны прапануюць вызначыць спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за правядзенне выбараў і парушэнні правоў чалавека, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краін — членаў Савета Еўропы.

Парламентарыі заклікаюць устанавіць "суровыя" эканамічныя санкцыі супраць беларускіх улад, якія павінны дзейнічаць, пакуль у краіне не пачнуць выконвацца правы чалавека.

Пры гэтым прапаноўваецца выкарыстоўваць спіс з 12 умоў, прыняты ЕС у лістападзе 2006 года, на базе якіх Еўракамісія будуе свае адносіны з Беларуссю.

Асноўнай умовай для спынення санкцый павінна стаць правядзенне новых выбараў у Беларусі, падкрэсліваецца ў заяве.

Пры гэтым дэпутаты ПАСЕ ўказваюць на неабходнасць зрабіць санкцыі "найменш разбуральнымі" для простых грамадзян Беларусі.

Нагадаем, 27 студзеня на сесіі ПАСЕ ў Страсбургу адбудуцца тэрміновыя дэбаты па Беларусі. Паводле вынікаў дыскусіі будзе прынята рэзалюцыя. Патрабаванні, што ўтрымліваюцца ў праекце рэзалюцыі, сугучныя дадзенай заяве групы дэпутатаў ПАСЕ.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 26 студзеня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/129/3997
Текущая дата: 12.05.2024