Белорусский портал в Казахстане

Браніслаў Камароўскі: Беларускія ўлады перашкаджаюць пашырэнню кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Польшчы



Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі 20 лютага падчас наведвання горада Кузніца Беластоцкая, размешчанага ля межаў з Беларуссю, выступіў з крытыкай беларускіх уладаў.

Як паведамляе тэлеканал TVP Bialystok, Камароўскі выказаў шкадаванне ў сувязі з дзеяннямі беларускіх уладаў, якія, на яго думку, перашкаджаюць пашырэнню кантактаў паміж грамадзянамі дзвюх дзяржаў. "Палітычныя рэпрэсіі ўскладняюць перспектывы супрацоўніцтва, мы з трывогай назіраем практыку, якая абцяжарвае функцыянаванне польскай меншасці ў Беларусі", — сказаў прэзідэнт Польшчы.

Ён заявіў, што Польшча будзе падтрымліваць дзейнасць беларускіх грамадзян, скіраваную на фарміраванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, усімі сродкамі, даступнымі з пункту гледжання міжнароднага права. Калі хтосьці з беларусаў, якія бралі ўдзел у барацьбе за дэмакратыю, звернецца з просьбай аб прадастаўленні ім польскага грамадзянства, то ўлады Польшчы паставяцца да гэтага з "найвялікшай спрыяльнасцю".

Камароўскі зазначыў, што мяжа з Беларуссю — адзіны адрэзак усходнепольскай мяжы, на якой не функцыянуе гэтак званы "малы прыгранічны рух". І, на яго думку, цяперашняя пазіцыя беларускіх уладаў гаворыць пра тое, што такі рух і не будзе функцыянаваць. У сітуацыі немагчымасці супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, зазначыў польскі прэзідэнт, застаецца наладжваць кантакты з беларускім грамадствам.

Паводле слоў польскага прэзідэнта, беларускія ўлады "яўна недаацэньваюць" важнасць спрашчэння ўмоў для мясцовага прыгранічнага руху, у тым ліку прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі і беларускай меншасці ў Польшчы. "На нашу думку, беларускія ўлады ў гэтым плане дзейнічаюць супраць інтарэсаў як сваіх уласных грамадзян, гэтак і супраць інтарэсаў сваіх суайчыннікаў па гэты бок мяжы", — сказаў Камароўскі. Аднак "польская дзяржава будзе паслядоўна шукаць магчымасці збліжэння нашых грамадзян", дадаў ён.

У чэрвені 2010 года Браніслаў Камароўскі, будучы спікерам ніжняй палаты польскага cейма, падпісаў польска-беларускае пагадненне аб малым прыгранічным руху, тым самым завяршыўшы ратыфікацыйны працэс гэтага дакумента з польскага боку. Аднак беларускі бок дагэтуль не ратыфікаваў пагадненне. У адпаведнасці з гэтым дакументам, жыхары прыгранічных 30-кіламетровых зон па абодва бакі беларуска-польскай мяжы атрымалі б права перасячэння мяжы без віз, на падставе спецыяльных дазволаў, што выдаюцца консульствамі абедзвюх краін.

Як заявіў 8 снежня 2010 года на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, Беларусь разлічвае, што пагадненне аб малым прыгранічным руху з Польшчай набудзе моц у сакавіку—ліпені 2011 года. Аднак пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня і жорсткіх дзеянняў у дачыненні да апазіцыі, што мелі месца пасля іх, беларуска-польскія адносіны прыкметна пагоршыліся. Польскі бок мяркуе, што гэта ставіць пад пытанне рэалізацыю адпаведнага пагаднення.

Нагадаем, пасля снежаньскіх падзей у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваіх  публічных выступленнях неаднаразова абвінавачваў Польшчу, а таксама Германію ў спробе дзяржаўнага перавароту і звяржэння канстытуцыйнага ладу ў Беларусі.

БелаПАН
Мінск, 20 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/8-/129/4584
Текущая дата: 25.11.2024